На акцыі Статкевіча і Някляева адбылася сутычка з міліцыяй (ВІДЭА з месца падзей)


«Вярнуць скрадзеныя выбары замест фарсу, які ладзіць кіроўны рэжым» – апазіцыйныя лідары заклікалі 12-га верасня на Кастрычніцкай плошчы сталіцы больш за 200 удзельнікаў пратэсту. Паслявыбарчая акцыя-шэсце экс-кандыдатаў на прэзідэнцтва Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева мае стаць пачаткам іхнае кампаніі для правядзення новых выбараў у Палату прадстаўнікоў.

Як аператар «Белсату» пытаўся ў ціхароў, чаму яны шпацыруюць з хлопцамі, а не з дзяўчатамі. Відэа:

19:40 Акцыя скончана. Людзі разыходзяцца. Некаторыя фатаграфуюцца з вядомай актывісткай Нінай Багінскай, якую ўлады пакаралі вялікімі штрафамі за ўзняцце бел-чырвона-белага сцяга на ранейшых акцыях.

19:35 Зміцер Дашкевіч прысароміў мужчыну спартовага выгляду, які хадзіў разам з міліцыянтамі. Лідар «Маладога фронту» заклікаў мужчыну «не няславіцца» і зняць кепку з надпісам «Russia», запрапанаваўшы набыць таму для наступнай акцыі кепку з чырвонай капустай і профілем Лукашэнкі.

«Пазорнік ты ганебны, памяняй кепку, давай скінемся, колькі трэба грошай?»

19:30

«Лепш каб былі тут былі тысячы людзей, але ёсць людзі, якія не згодныя з хлуснёй. Выбарчая кампанія не была цікавая нікому, і акцыі з ёй звязаныя таксама. Мы рухаемся далей, выходзім на акцыі. Наступная на Плошчы Каліноўскага былая Кастрычніцкая а 19:00 19 верасня акцыя Праспект нацыянальнага сцяга. Нагадаю, гэта 25 год як бел-чырвона-белы сцяг і Пагоня былі зацверджаныя нацыянальнымі сімваламі», – распавёў нашаму журналісту Зміцер Дашкевіч.

19:26 Людзі не разыходзіцца. Верш прачытаў Зміцер Дашкевіч. Прамаўляе Уладзімір Някляеў.

«Айчына ў нас адна», – такімі словамі паэт скончыў сённяшнюю акцыю.

19:14 Акцыя скончылася.

Сцэнар сённяшняй акцыі быў парушаны праз гвалтоўныя дзеянні міліцыі, таму сёння не было грамадзянскай прысягі на вернасць Беларусі, але яе плануецца правесці на будучых акцыях, паведаміў Мікола Статкевіч.Адзін з удзельнікаў:

«Я атрымаў, чаго чакаў. Думаў ніхто не прыйдзе, але тая колькасць людзей, што тут ёсць, падбадзёрвае. Буду выходзіць. Калі не мы, то не будзе змяняцца і краіна».

19:10 Арганізатары акцыі вырашылі не ісці да будынку ЦВК, каб не правакаваць міліцыю на гвалтоўныя дзеянні. Мітынг працягнецца на невялікай пляцоўцы на Плошчы Незалежнасці. Прамаўляе Мікола Статкевіч.

«Будзьце гатовыя, мы прыйдзем на гэтыя вуліцы яшчэ і яшчэ, пакуль за намі не будуць сотні тысяч і нашая краіна не будзе вольная», – звярнуўся Мікалай Статкевіч да прысутных.

19:05 Людзі даходзяць да Плошчы Незалежнасці, дзе знаходзіцца будынак ЦВК. Тут працягнецца мітынг.

Журналіст «Белсату» запытаўся мужчыну ў цывільным, які здымаў шэсце на камеру, для каго той робіць відэа. Мужчына адказаў, што ён турыст. «Ці цікавая для вас гэтая сацыяльная зʼява», – запытаўся карэспандэнт. Мужчына з камерай больш нічога не адказаў.

19:01 Калона рушыць у бок Плошчы Незалежнасці.

18:57 Мікалай Статкевіч:

«Мы ідзем да ЦВК, каб выказаць сваё ацэнку дзейнасці гэтай інстытуцыі».

18:56 Уладзімір Някляеў ідзе ў натоўпе:

«Далей будзе горш. Усё сканчаецца тым, чым павінна. Тыя людзі, прадстаўнікі апазіцыі, якіх апусцілі мордай у гразь, якіх зняважылі, і кіраўнікі гэтых структур не прыйшлі і не заклікалі актывістаў. Ім гэта адгукнецца. Супраць рэжыму мы можам выйграць толькі актыўнымі дзеяннямі».

18:54 Праходзячы міма будынку КДБ, удзельнікі шэсця скандуюць: «Ганьба!»

18:49 У аднаго з міліцыянтаў у рацыі прагучала каманда «Гатовасць». Ёсць падставы меркаваць, што гэта гатовасць да гвалту і затрыманняў. Калона рухаецца ў бок Плошчы Незалежнасці.

18:42 З’явіліся першыя міліцыянты, якія падышлі да арганізатараў. Яны пачалі складаць першыя пратаколы. Людзі абураныя і крычаць. Севярынец заклікае зрабіць кола.

Разам з супрацоўнікамі ў форме шмат людзей у цывільным, якія хаваюць свае твары. Невядомыя ў цывільным штурхалі дэмакратычных актывістаў. Прыехала кіраўніцтва менскай міліцыі.

18:37 Прамаўляе прадпрымальнік Алесь Макаеў.

«Спазніўся з нашых рэгіёнаў. Па дарозе з Бабруйску да Менску стаяць даішнікі, нават маршрутку, у якой едуць пяць чалавек, кіроўцу спыняе інспектар, заходзіць у салон і пытае: радыкальныя тут ёсць? Жанчыны адказваць – ідыёты, маразм».

18:30 Прамаўляе Севярынец і пытае «Ці хочаце, каб вамі кіраваў Лукашэнка?». Грамада крычыць – «Не».

18:26 Выступае Зміцер Дашкевіч.

«Першы кандыдат перамог – гэта байкот. Другі кандыдат перамог – супраць усіх. Я думаю, што гэтыя два кандыдаты Мы маем пэўную свабоду і незалежнасць і рушым далей. 19 верасня Малады Фронт заклікае вас на акцыю Праспект нацыянальнага сцяга а 19:00 на Плошчы».

18:24 Прамаўляе Мікалай Статкевіч.

«Тут сабраліся самыя годныя людзі. Шмат хто не даехаў. Краіна спаўзае ў жабрацтва. Гэта трэба мяняць. Сёння мы пачынаем тут кампанію за вяртанне выбараў».

18:20 Пачаў прамаўляць Уладзімір Някляеў.

«У парламент прызначылі двух чальцоў ад апазіцыі. Такога маўляй не было ніколі. Насамрэч, вы ведаеце і ўся Беларусь, што ніякіх выбараў не было. Быў чарговы палітычны фарс і падман народа. І мы прыйшлі, каб сказаць не падману і патрабаваць новых, сваободных, сапраўдных выбараў».

18:17 З апазіцыйных лідараў на Плошчы ёсць Анатоль Лябедзька.

18:15 На Плошчы з’явілася першая вялікая расцяжка«Лукашэнка, сыходзь», якую трымаюць актывісты «Еўрапейскай Беларусі».

Палітыкі і кандыдаты на прэзідэнцтва ў 2010 годзе Мікола Статкевіч і Уладзімір Някляеў збіраюцца зладзіць масавы пікет з мэтай патрабаваць «сапраўдных выбараў замест выбарчых фарсаў, якія рэгулярна арганізуе кіроўны рэжым». Пачатак акцыі запланаваны на 18:00 на Кастрычніцкай плошчы.

Як заяўляе Мікола Статкевіч, гэта будзе “публічная праява гневу і пратэсту”. На акцыю змогуць прыйсці назіральнікі за выбарамі, каб распавесці пра факты парушэнняў, якія зафіксавалі на ўчастках.

Хэштэг акцыі #ВярніВыбары

На акцыі плануюць правесці грамадскую прысягу

Мікола Статкевіч заявіў пра намер правесці падчас мітынгу акцыю грамадскай прысягі на вернасць Беларусі і гатовасць бараніць яе незалежнасць са зброяй у руках.

Да правядзення акцыі рыхтуецца не толькі дэмакратычныя сілы, але і міліцыя, якая вырашала распачаць шэраг прэвентыўных захадаў у дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыйных партый і рухаў.

11-га верасня ў Беларусі адбыліся выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Ад апазіцыі ў парламент прайшлі кандыдаткі ад АГП і ТБМ.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў