Кірыла Сілівончыка, якога асудзілі за перапост «Вконтакте», адмовіліся вызваліць датэрмінова


Тэрмін пакарання ў хлопца сканчаецца ў снежні сёлета. Цяпер ён знаходзіцца ў папраўчай калоніі 14 у Сухабязводным.

Расейская праваабарончая арганізацыя «Ніжагародзкі Палітычны чырвоны крыж» паведаміла, што адвакату Сілівончыка адмовілі ў задавальненні хадайніцтва пра яго умоўна-датэрміновае. Паседжанне адбылося 16 верасня ў Сямёнаўскім судзе Ніжагародскай вобласці.

Пракурор прыняла негатыўнае рашэнне, на падставе словаў прадстаўніка адміністрацыі калоніі, які заявіў, што Сілівончык дагэтуль знаходзіцца на «прафілактычным уліку як «той, хто вывучае, прапагандуе, вызнае экстрэмісцкую ідэалогію». Пры гэтым у характарыстыцы, якую дала тая самая адміністрацыя, Сілівончык характарызуецца выключна са станоўчага боку.

Прафілактычны ўлік прызначылі Кірылу Сілівончыку ўлетку летась, а сам хлопец даведаўся пра гэта праз два месяцы і не меў магчымасці абскардзіць вынесенае рашэнне.

23-гадовы гамельчук Кірыл Сілівончык шукаў лепшых заробкаў, праз гэта пераехаў у Ніжні Ноўгарад, дзе працаваў сістэмным адміністратарам. 9 красавіка летась Маскоўскі акружны вайсковы суд асудзіў яго на два гады калоніі-пасялення за «публічныя заклікі да ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці і публічнае апраўданне тэрарызму». У рэальнасці – за перапост малюнка адной з суполак. Калонія-пасяленне – пакаранне мякчэйшае, чым беларуская «хімія».

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары