Міліцэйскія дадзеныя: курс долара на «чорным рынку» – Br 16,5 тысячаў


Пра курс долара ЗША на «чорным валютным рынку» беларусы могуць даведацца з паведамленняў міліцыі.

Згодна з інфармацыяй прэс-афіцэра Кастрычніцкага Раённага ўпраўлення ўнутраных справаў Менску Леаніда Ушэшына, падчас праверкі працаўнікамі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі затрыманы мянчук, які займаўся незаконным абменам валюты.

«Мужчына быў затрыманы ў момант продажу валюты, – распавёў Леанід Ушэшын. – Прадметам здзелкі была сума ў $ 5000, курс продажу – Br 16,5 тыс. за $ 1. Акрамя таго, у затрыманага таксама былі выяўленыя грашовыя сродкі ў памеры Br 50 млн».

Прадстаўнік РУУС удакладніў, што затрыманы, як высветлілася падчас разбіральніцтва, з’яўляецца дырэктарам аднаго з субектаў гаспадарання.

Раней намеснік дырэктара Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Віктар Франскевіч заяўляў, што парушэнні закону, звязаныя з незаконнымі валютнымі аперацыямі, «не носяць маштабнага характару».

«Прынятыя ў апошні час Нацыянальным банкам і ўрадам меры звялі перадумовы да маштабнага з’яўленню валютчыкаў да мінімуму», – адзначыў прадстаўнік Дзяржкантролю.

Крыніца ў бізнес-колах паведаміла парталу interfax.by, што нелегальныя разлікі па курсе Br 16,5 тыс. за $ 1 – цалкам прымальны варыянт для абодвух бакоў здзелкі.

«Наяўнай валюты ў абменных пунктах не хапае, таму завышаны на Br 1-1,5 тыс. і нават некалькі больш курс пры падобных аперацыях – гэта рэальны варыянт», – сказаў адмысловец.

27 студзеня ў некаторых абменніках Менску можна было адразу купіць па тысячы і долараў, і еўра, падае nn.by. Напрыклад, у банку «БелВЭБ» ля сталічнага ЦУМу можна было ўзяць нават і паўтары тысячы. У аддзяленні «Хоум Крэдыт Банку» таксама праблем няма – сказалі, што прададуць любую патрэбную суму.

Але ў большасці банках усё ж можна набыць толькі тое, што наздавалі за дзень іншыя кліенты, адзначае выданне.

МЯ, паводле interfax.by, nn.by

Глядзі таксама
Каментары