У Інтэрнэце з’явілася інфармацыя аб тым, як праходзяць сустрэчы прадстаўнікоў мясцовай улады з жыхарамі гарадоў. Так, у Горадні сустракаліся мэр Мечыслаў Гой і начальнік ГУУС Гарадзенскага аблвыканкама Вадзім Сіняўскі, у Жодзіне – мэр Дзмітрый Заблоцкі і пракурор гораду Максім Дацькевіч. Аб першай сустрэчы быў рэпартаж, з другой – відэазапіс.
Вось гэты відэазапіс паглядзець бы ўсёй беларускай наменклатуры. Чыноўнікі ўбачаць, як іх падстаўляюць звыш.
Мэр жа апынуўся ў ролі таго мядзведзя з казкі Уладзіміра Караткевіча, якому давялося адказваць за чужыя грахі. Ні АМАП яму не падпарадкоўваецца, ні гарадская турма, ні суды з пракуратурай. А пану Заблоцкаму прыйшлося адказваць менавіта за дзеянні АМАПу, за ўмовы прывезеных у гарадскую турму ўдзельнікаў пратэсту ў Менску, за нагляд пракурора за законнасцю таго, што адбываецца. Не падпарадкоўваецца – фармальна – Дзмітрыю Васілевічу і сістэма галасавання, але тут ён проста пагарэў, як той Заблоцкі на мыле. Адказваць на пытанні па сутнасці – гэта значыць, адкрыта перавесці стрэлку на вышэйшае начальства – ён не змог: начальства мэр баіцца ўсё яшчэ больш, чым народа.
І тут узнікае цэлы шэраг праблемаў. Бо падставаю для жорсткай размовы прысутных людзей (а іх было, як здаецца на дысплэі камп’ютара, даволі шмат) з кіраўніком гораду сталі не мясцовыя, а цэнтральныя праблемы. Вось тут бы зʼявіцца спадару Лукашэнку і сказаць:
– Я атрымаў 80 % галасоў! Вось яны – гэта вы!
Але спадар Лукашэнка кажа так толькі на сходках наменклатуры, толькі з ёй ён аб’ядноўвае сябе ў сваіх словах. А тут, на мітынгу, у ягоную абарону выступіў усяго адзін чалавек – і таго асвісталі. А мэр пачуў патрабаванні сысці ў адстаўку. Хоць ужо хто-хто, а ён сам разумее, што аказаўся ў ролі стрэлачніка: усяго толькі выконваў загад.
Думаю, Дзмітрый Васілевіч на працягу гэтай гадзіны, якая скончылася скандаваннем: «Сыходзь!» – некалькі разоў пашкадаваў, што тупа выконваў загад, а не выконваў закон. Але ўся сістэма пабудаваная на тым, што загад з’яўляецца вышэй закона.
Пры гэтым ні адзін з дэпутатаў ад гораду Жодзіна і Смалявіцкага раёну так і не прыехаў на сустрэчу з жыхарамі. І сябры Савета Рэспублікі, гэтага прытулку «вернай да канца» спадарыні Качанавай, ад Менскай вобласці не прыехалі на гэтую сустрэчу. Затое яны прынялі зварот, недвухсэнсоўна абвінаваціўшы ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту ў распальванні супрацьстаяння. Ну, як генерал Караеў першапачаткова заяўляў аб пацярпелых амапаўцах – а потым быў вымушаны прасіць прабачэння: ах, аказваецца былі незаконна і з празмерным перавышэннем сілы (маглі быць, прабачце, а не былі) затрыманыя. Праўда, да гэтага, напрыклад, перад гарадзенцамі прасіў прабачэння генерал Сіняўскі, якому ўжо і зусім не прыстала хавацца за спіны падначаленых.
Слухайце, спадары наменклатура, вы ўсе і сапраўды лічыце, што гэтая ўлада настолькі моцная, што ацэніць і аддзячыць за вашае прыніжэнне перад народам на доўгія гады наперад? Бо ўсе гэтыя гульні – яны перад сённяшнім пасяджэннем Савету Еўрапейскага Звязу, не больш. Каб, не дай бог, санкцыяў не ўвялі. Але што потым?
Народны гнеў – ён як вулканічная лава. Ён можа астыць – але назад у жарало вулкану яго таксама не павернеш. І можна толькі ўявіць сабе, што пачнецца пасля таго, як Лідзія Ярмошына 18-га (гэта – са спасылкай на ўсё таго ж выматанага сустрэчай з народам жодзінскага кіраўніка гораду) абвесціць, што – ах, памылачка выйшла, мы тут пералічылі, і Аляксандр Рыгоравіч атрымаў усяго 62% замест заяўленых 80 %. Людзей што – лічба абурыла, ці сам факт фальсіфікацыі? І ўсе тыя аргументы (маўляў, не ведаю я гэтых лічбаў!), якія выказваў на сустрэчы з жодзінцамі Дзмітрый Заблоцкі, у гэтым выпадку іх супакояць? Не думаю. І тады – зноў АМАП выклікаць, ці зноў мэра ім выдаваць – зараз ужо сапраўды на псіхалагічнае разарванне?
У нас нармальныя чыноўнікі. У масе сваёй – адукаваныя, працаздольныя. Цяпер яны і іхныя сем’і рызыкуюць трапіць у санкцыйныя спісы, калі пастанова аб такіх будзе прынятая. А калі сацыяльны выбух у выглядзе ўсеагульнай забастоўкі – пасля абвяшчэння афіцыйных вынікаў амаль непазбежнай – усё-ткі адбудзецца, што тады будзе?
Нічога. Лукашэнка і ягоная сям’я схаваюцца дзе-небудзь. Вышэйшы палітычны і ваенны генералітэт паспее збегчы. А мэры застануцца сам-насам з прысутнымі абражанымі людзьмі ў ролі сакральнай ахвяры.
І вось цяпер я хачу спытаць:
– Дзмітрый Васілевіч, яно таго вартае?
Стаць ізгоем з-за таго, што мудак, які прайграў, сінеючымі ад напружання пальцамі ўчапіўся ў крэсла замест таго, каб проста і мірна сысці? Гэта ж вам давядзецца адказваць – ужо не так, напэўна, мірна – і за АМАП, і за звальненні па палітычных матывах, і за палітыку падчас пандэміі, і за нізкі ўзровень заробкаў. Вам – ну і вашым калегам з іншых гарадоў.
І яно таго вартае?
Ці вы проста баіцеся? Тады – чаго?
Александр Федута belsat.eu
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.