Узровень удзелу дэлегацыі Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства, які адбудзецца 24 лістапада ў Бруселі, будзе вызначацца з улікам узаемадзеяння з ЕЗ.
Гэтыя словы прагучалі падчас сустрэчы міністраў замежных спраў Беларусі і Расеі.
«Беларуская дэлегацыя прыме ўдзел у гэтым мерапрыемстве. Што датычыць узроўню ўдзелу дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, ён будзе вызначацца тым узроўнем нашага ўзаемадзеяння з Еўрапейскім саюзам, які існуе ў цяперашні час», – сказаў Уладзімір Макей.
Саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе 24 лістапада ў Бруселі. Аляксандр Лукашэнка ўпершыню атрымаў персанальнае запрашэнне прыехаць у Брусель, але пакуль невядома ці скарыстаецца ён гэтым запрашэннем.
У часе саміту «Усходняга партнёрства» Еўразвяз збіраецца прапанаваць афіцыйнаму Менску чарговы пернік. Напярэдадні пра гэткія планы заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» амбасадар Францыі ў нашай краіне Дыд’е Канэс.
«Мы падтрымліваем паглыбленне адносінаў паміж Беларуссю і Еўразвязам. Што датычыць саміту ў Бруселі, чакаецца, што будзе прынятая праграма супрацы паміж Еўразвязам і Беларуссю. Я, канешне, пакуль што не магу раскрываць дэталяў, але магу запэўніць, што там будуць новыя элементы», – сказаў Дыдʼе Канэс.
Напярэдадні Статкевіч і Някляеў выступілі са зваротам, у якім заявілі, што запрашэнне Лукашэнкі ў Брусель – гэта заахвочванне палітыкі рэпрэсіяў.
ДР belsat.eu