Статкевіч і Някляеў: запрашэнне Лукашэнкі ў Брусель – гэта заахвочванне палітыкі рэпрэсіяў

video

Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў выступілі з адкрытым зваротам да кіраўнікоў краін Еўразвязу, старшыні Еўрапейскай рады Доналду Туска ды іншых еўрачыноўнікаў.

«Запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі ў Брусель на саміт «Усходняга партнёрства» – гэта не проста крок у цяперашнім дыялогу ЕЗ-Беларусь. Гэта легітымізацыя самога Лукашэнкі, легалізацыя яго палітыкі і ягонага рэжыму, які зноў звярнуўся да рэпрэсіяў», – гаворыцца ў звароце.

Апазіцыйныя палітыкі адзначаюць, што ў Беларусі зноў з’явіліся палітвязні, на людзей аказваецца ціск за іх грамадзянскую пазіцыю, актывістаў арыштоўваюць, штрафуюць і бʼюць.

«Можна, вядома, зачыняць на гэта вочы. Але калі не зачыняць, то запрашэнне кіраўніка паліцэйскай дзяржавы ў дэмакратычную Еўропу – заахвочванне ягонай палітыкі рэпрэсіяў», – лічаць аўтары заявы.

Статкевіч і Някляеў адзначаюць, што яны не супраць дыялогу ЕЗ з беларускім рэжымам, але толькі на пэўных умовах – вызваленне палітвязняў, дэмакратызацыя заканадаўства і г.д.

«Калі дэмакратычна абраныя лідары як роўныя з роўным садзяцца за адзін стол з дыктатарам, які ператварыў выбары ў фарс, яны абражаюць гэтым сваіх выбарцаў. Калі лідары паважаных краінаў вядуць раўнапраўныя перамовы з “прэзідэнтам”, які добраахвотна ператварыў сваю краіну ў філіял іншай дзяржавы, яны прыніжаюць сябе да ягонага ўзроўню. Хто паціскае руку, заплямленую крывёю нашых выкрадзеных і забітых таварышаў, той паказвае, што лічыць іх забойствы дапушчальнымі», – лічаць Статкевіч і Някляеў.

Саміт «Усходняга партнёрства» пройдзе 24 лістапада ў Бруселі. Аляксандр Лукашэнка ўпершыню атрымаў персанальнае запрашэнне прыехаць у Брусель, але пакуль невядома ці скарыстаецца ён гэтым запрашэннем.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары