Майстар спорту пяць гадоў не можа знайсці працы ў Беларусі


Кіраўнік Беларусі не раз казаў, што хоча, каб у краіне было больш прафесіяналаў на сваіх месцах – маладых, актыўных, якім не абыякавы лёс радзімы. Толькі вось што на справе? Які б ты ні быў таленавіты, але калі маеш актыўную грамадзянскую пазіцыю, адрозную ад афіцыйнай, то сістэма, будаваная два дзясяткі гадоў, папросту цябе выплюне і знішчыць кар’еру.

Былы трэнер па веславанні на байдарках і каноэ Ігар Песікаў мае вышэйшую адукацыю, больш за 20 гадоў працоўнага стажу і ганаровае званне майстра спорту. Аднак нягледзячы на ўсе тытулы, спартовец ужо пяць гадоў не можа знайсці годнай працы ў родным Светлагорску. Куды б ён ні прыйшоў, адразу дзіўным чынам знікаюць вакансіі трэнераў, выкладчыкаў, настаўнікаў.

ІГАР ПЕСІКАЎ:

«Кіраўніца аддзелу адукацыі прапанавала, як яна сказала, у парадку выключэння, працу рабочым па абслугоўванні будынкаў. Каб я хадзіў унітазы, шкло дзесьці ставіў».

Праблемы з працаўладкаваннем у спартоўца пачаліся ў 2010 годзе, калі ён спрабаваў звярнуць увагу мясцовай вертыкалі на жудасны стан школы водных відаў спорту і на нямэтавае выдаткаванне дзяржаўных грошай. Яго амаль адразу звольнілі з пасады трэнера з так званым воўчым білетам.

ІГАР ПЕСІКАЎ:

«Я ўжо з 2010 года хаджу па судах. У мяне больш за 13 пастаноў гэтых судоў, дзе пішуць, што ў Беларусі адсутнічае дыскрымінацыя па якой-кольвек прыкмеце. Ці то па нацыянальных, ці то па рэлігійных, ці па грамадскіх справах нейкіх».

Падчас адной з сустрэчаў спадара Песікава з кіраўніцай аддзелу адукацыі Жаннай Чэркас чыноўніца апраўдвалася, што яна з вялікім задаваленнем узяла б на працу Ігара Песікава, але вакансіяў, на жаль, няма. І тады вымушаны дармаед знайшоў сродак знайсці вакансіі.

ІГАР ПЕСІКАЎ:

«Я ім сказаў, што звяртаюся ў пракуратуру, каб яны праверылі наяўнасць вакансіяў. І тады гэтыя вакансіі ў цэнтры занятасці адразу з’явіліся. На працягу гадзіны».

Але як з’явіліся імгненна, гэтак і зноў зніклі. Калі Ігар Песікаў прыйшоў з накіраваннем з цэнтру занятасці на патэнцыйнае месца працы, там высветлілася, вакансія зноў закрытая.

АЛЕСЬ ЯЎСЕЕНКА, ПРАВААБАРОНЦА:

«Або кепска працуе арганізацыя, якая займаецца працаўладкаваннем, або ёсць факт дыскрымінацыі грамадзяніна Беларусі хутчэй за ўсё з-за палітычных ці сацыяльных перакананняў. Ці можа нават з нацыянальных».

Чым так насаліў былы трэнер, мы спрабавалі высветліць у кіраўніцтва аддзелу адукацыі, аднак у каментары на гэтую тэму нам адмовілі.

Напярэдадні Ігар Песікаў звярнуўся чарговы раз у суд. Каб даказаць, што вакансіі на момант яго звароту ў аддзел адукацыі былі, а яму адмовілі толькі з-за ягонай актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Аднак паседжанне перанеслі, бо чыноўнікі не прадставілі своечасова неабходных папераў у суд.

Юрый Салодкі, «Белсат»

Стужка навінаў