«Майго дзеда расстралялі ў гэтую ноч. Можа, страляў ваш дзед?»


Калі ішоў на акцыю, разважаў, што масавыя вулічныя дэманстрацыі ў паслявыбарчай Беларусі не маюць будучыні. Памыліўся. Насупраць КДБ утварыўся ланцуг са 150 чалавек, людзей было больш, чымся на аналагічных акцыях нават дзесяцігадовай даўніны.

Будучыня дакладна ёсць, хоць актывісты на яе глядзяць традыцыйна змрочна. «Праз чатыры месяцы пачнуць затрымоўваць, цяпер проста стаіць пытанне канчатковай адмены санкцыяў», – тлумачыў адзін з лідараў БХД Павел Севярынец людзям навокал. Менавіта сёння стала вядома пра прыпыненне санкцыяў Захаду ў дачыненні да Беларусі.

Глядзіце ФОТАРЭПАРТАЖ з акцыі >>> Акцыя пад КДБ: 150 чалавек, нікога не затрымалі, але пратаколы склалі

Не маўкліва, але жалобна

Кепскія прадчуванні шмат якіх удзельнікаў акцыі можна было заўважыць і напачатку – Мікола Статкевіч і ягоная жонка Марына Адамовіч былі ледзь не адзінымі людзьмі са свечкамі ў руках, хоць вакол быў цэлы натоўп. Паступова, паглядзеўшы, што міліцыя ў цывільным ніяк не рэагуе, людзі пачалі ўтвараць ланцуг. Ён расцягваўся спачатку на пару дзясяткаў метраў, пасля параўняўся з даўжынёй усяго будынку КДБ, а напрыканцы стаў нават большым.

Акцыя не была маўклівай, а жалобнай – сталыя ўдзельнікі апавядалі пра забітых сваякоў, шмат хто звяртаўся наўпрост да міліцыі, якая збіралася складаць пратаколы на Статкевіча, Лябедзьку і Някляева. «Спадар лейтэнант, майго дзеда расстралялі ў гэтую ноч. Можа, страляў ваш дзед?». Але замест адказу супрацоўнік міліцыі працягваў папярэджваць Анатоля Лябедзьку. Палітык з ім спрачаўся, спасылаючыся на Канстытуцыю. Міліцыянт апеляваў да Адміністрацыйнага кодэксу, які верагодна і стане падставай для судовых рашэнняў.

Зміцер Дашкевіч шыхтаваў маладафронтаўцаў, на акцыі з’явіўся Павел Вінаградаў, які вярнуўся ў Менск пасля «высылкі» пад хатні нагляд у Беразіно, з лампадкамі стаялі былы старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, рэжысёрка Вольга Нікалайчык, грамадскі актывіст Максім Вінярскі.

Каб не паўтарылася

Моладзевыя актывісты на падыходах да будынку КДБ раздавалі ўлёткі – адныя распавядалі пра тое, што адбылося 29 кастрычніка 1937-га, другія заклікалі далучацца да «Маладога фронту» – каб расстрэлы больш не паўтараліся. Мінакам прапаноўвалі ўзяць у рукі лампадкі і стаць у шэраг, але я не заўважыў, каб нехта далучыўся, хоць людзі спыняліся і за акцыяй назіралі. Паўтары сотні чалавек ішлі сюды свядома, не ведаючы дакладна, ці не будзе хапуна.

Пасля акцыі свечкі паставілі на прыступкі галоўнага офісу беларускіх спецслужбаў. Апошні раз, калі апазіцыянер меў дачыненні з гэтай пабудовай, ён апынуўся ў турме: 19 снежня адзін з дэманстрантаў сарваў дзяржаўны сцяг каля ўвахода ў КДБ і ўсталяваў бел-чырвона-белы. Сёння дзясяткі людзей хадзілі ля ўвахода, пакінулі свечкі і доўга не разыходзіліся. Такога наагул не было з канца 90-ых. Акцыя ў падтрыманне палітвязняў у 2011 годзе, якую мелі правесці там жа, прайшла на падыходах – далей удзельнікаў не пусцілі.

Статкевіч звярнуўся да сабраных: «Вы гонар нацыі. Пакуль вы ёсць, будзе Беларусь». Пасля былы палітвязень пракрычаў «Жыве Беларусь». Натоўп адказаў «Жыве!». Мікалай Статкевіч сыйшоў пад апладысменты

Міліцыя дзяжурыла ў раёне правядзенне акцыя ад 17:00 ды заставалася яшчэ доўга пасля таго, як удзельнікі разышліся. Я сумняваўся, што дачакаўся моманту, калі прыбяруць свечкі. Не могуць жа яны стаяць вечна на прыступках КДБ.

Свечкі і знічкі выглядалі насамрэч прыгожа – людзі іх фатаграфавалі і рабілі сэлфі нават праз гадзіну пасля заканчэння акцыі. Верагодна, некаторыя з мінакоў нават не здагадваліся аб прычыне з’яўлення лампадак. Прыбралі іх толькі а 21:30. Хутка і незаўважна.

ІШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары