Лётчыкі ды камбаты ідуць у парламент


Украінскія палітыкі падмацавалі свае спісы ваеннымі і журналістамі.

Асаблівасць пазачарговых парламенцкіх выбараў ва Украіне, якія адбудуцца 26 кастрычніка, у тым, што народнымі дэпутатамі могуць стаць камандзіры добраахвотніцкіх батальёнаў, актывісты Майдану, журналісты. Варта заўважыць, што яны займаюць «прахадныя» месцы ў спісах партыяў.

Самы яскравы прыклад цяперашняй выбарчай кампаніі – першы нумар у спісе партыі «Бацькаўшчына» («Батьківщина»), які экс-прэм’ер Украіны Юлія Цімашэнка саступіла ўзятай у палон расейскімі ўладамі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка. Як патлумачыла такое рашэнне на з’ездзе партыі 13 верасня сама Юлія Уладзіміраўна, зрабіла так, таму што менавіта Надзея цяпер ёсць сімвалам барацьбы за Украіну ў свеце.

Другім нумарам у спісе партыі «Самапомач» («Самопомич») стаў камандзір батальёну спецыяльнага прызначэння Нацыянальнай гвардыі Украіны Сямён Сяменчанка.

Радыкальны нардэп Алег Ляшко на трэцяе месца ў спіс сваёй партыі вызначыў камбата батальёну «Айдар» Сяргея Мельнічука.

«Сілавы» падыход да адбору кандыдатаў выкарыстаў і прэзідэнт краіны Пятро Парашэнка.Так, пятым нумарам у «Блоку Пятра Парашэнкі» значыцца палкоўнік паветраных сілаў Украіны Юлій Мамчур, які ў сакавіку гэтага года падчас штурму авіяцыйнай часткі ў Бельбеку (Крым) быў выкрадзены расейскімі акупантамі.

Прадстаўнік прэзідэнцкай партыі Юрый Луцэнка патлумачыў прычыну з’яўлення кандыдатуры Мамчура ў якасці другога нумару: «Дэпутаты, акрамя [здольнасці да выканання – belsat.eu] прафесійнага задання пісаць законы, павінны яшчэ і быць голасам грамадства».

Дзясятку спісу «Народнага фронту», які ўзначальвае прэм’ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк, замыкае камбат батальёну «Дняпро–1» Юры Бэрэза.

Нямала сёлета ад палітычных партыяў балатуецца і журналістаў. Так, спікер украінскага парламенту Аляксандр Турчынаў «прапусціў перад сабою» у спіс «Народнага фронту» вядомую журналістку і змагарку з карупцыяй Таццяну Чарнавол.

Узяў сабе знакамітых журналістаў і прэзідэнт Украіны. Так, 19-м нумарам стаў намеснік галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Украінская праўда» Сяргей Лешчанка, наступным – журналіст ўкраінскага тэлеканалу «Громадське ТБ» Мустафа Наем, з паведамлення на старонцы ў«Facebook» якога, уласна, і пачаўся Майдан ў лістападзе мінулага года .

У «спіс прэзідэнта» 21-м нумарам трапіў таксама кіраўнік камітэту выбарнікаў Украіны Аляксандр Чарненка. Нумарам 45 стаў галоўны рэдактар штотыднёвіка «Дзелавая сталіца» Вадзім Дзенісенка, журналістка тэлеканалу «Інтэр» Вольга Чэрвакова – 49-м.

У адказ на крытыку журналістаў за тое, што іх калегі вырашылі ўдзельнічаць у выбарах, Мустафа Наем ад імя сябе і Сяргея Лешчанкі сказаў наступнае: «Нас шмат крытыкавалі за тое, што мы ідзем у парламент з партыяй улады, але гэта не азначае, што мы перасталі быць журналістамі. Для нас гэта шанец нешта змяніць у краіне. І калі будзе неабходнасць, мы зноў паклічам людзей на Майдан».

Вырашылі паспрабаваць свае сілы на пазачарговых выбарах і журналісты Данііл Янеўскі ды Аляксей Мачанаў, у складзе новай палітычнай сілы «Украіна – адзіная краіна» (другі і чацвёрты нумар адпаведна).

Ад партыі экс-міністра абароны Украіны Анатоля Грыцэнкі «Грамадзянская пазіцыя» балатуюцца журналістка Наталля Сакаленка, а ад аб’яднання «Самопомич» – Ягор Собалеў.

Калі казаць пра фінансавы бок пытання, дык пасля зменаў у бюджэце з мэтаю павялічыць фінансаванне ўкраінскай арміі, парламентарыяў пакінулі на голым акладзе. Раней зарплата нардепа-чальца камітэту (а амаль усе дэпутаты замацаваныя за такімі) у сярэднім складала каля UAH 17 тысяч. ($ 1300 па цяперашнім курсе). Цяпер народным абраннікам пакінулі крыху больш за UAH 6000 ($ 461).

Таццяна Забожка, для belsat.eu

Стужка навінаў