Лябедзька дае магчымасць публічна выказацца ў абмен на 4 тыс. подпісаў за яго


Тактыка байкоту прэзідэнцкіх выбараў – неэфектыўная і непрадуктыўная. Такое меркаванне выказаў Анатоль Лябедзька падчас прэсавай канферэнцыі ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Цікавінкаю сустрэчы стаў зварот да выбарцаў з прапановаю кантракту – магчымасць публічна заявіць пра свае праблемы праз статус даверанай асобы кандыдата на прэзідэнта ў абмен на 4 тыс. подпісаў, сабраных «за» Анатоля Лябедзьку.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

«Давераная асоба – гэта мажлівасці рабіць тое, што, падкрэсліваю, у звычайнай нашай сітуацыі забаронена. На працягу цэлага месяца».

Лідар АГП ідзе на выбары з антыкарупцыйнаю платформай ды эканамічнаю праграмай «Мільён новых працоўных месцаў». Адная ж з мэтаў удзелу ў выбарах, якія, найхутчэй, прынясуць чарговую элегантную перамогу Аляксандру Лукашэнку, – зафіксаваць парушэнні выбарчага працэсу.

Напярэдадні стала вядома, што 5-ыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі могуць прайсці раней запланаванага тэрміну – ужо ў кастрычніку. Для існага кіраўніка гэта падстрахоўка на выпадак пагаршэння эканамічнага становішча. Для апазіцыі – ускладненне праз скарачэнне часу на працу з грамадствам.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА, СТАРШЫНЯ АГП:

«Галасы, канешне, улетку складаней збіраць. І, канешне, наш патэнцыйны электарат, ён хутчэй будзе падарожнічаць, будзе, можа, на летніках. Але, тым не менш, знойдзем і ў Вільні, калі трэба, знойдзем на летніку».

Нягледзячы на станоўчую рыторыку, перамога апазіцыйнага кандыдата пакуль выглядае фантастыкаю. Адною ж з асноўных праблемаў беларускай апазіцыі па-ранейшаму застаецца няздольнасць аб’яднацца ды абраць адзінага кандыдата на прэзідэнцтва.

Лола Бурыева, «Белсат»

Стужка навінаў