«Лукашэнка вінен Пуціну». Беларускія вайскоўцы паедуць ў Сірыю?


У Растоўскай вобласці распачаліся маштабныя вучэнні АДКБ «Баявое братэрства-2017» – у манеўрах удзельнічае каля 12 тыс. чалавек. Расейская «Независимая газета» піша, што АДКБ такім чынам рыхтуецца да міратворчай місіі ў Сірыі.

У вучэннях задзейнічаны вайскоўцы з Расеі, Арменіі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану і Кіргізіі.

У межах «Баявога братэрства-2017» войскі АДКБ будуць адпрацоўваць баявыя задачы на поўдні Расеі, Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі. Манеўры будуць прадугледжваць не толькі наступ і абарону, але і арганізацыю міратворчых місіяў – гэтаму прысвечаны другі этап, які пройдзе ў Казахстане. Мэта гэтай часткі вучэнняў – «падрыхтоўка і вядзенне аперацыі па падтрыманню міра Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ у дзяржаве, якая не з’яўляецца чальцом Арганізацыі».

«Такім чынам, можна выказаць здагадку, што ў рэальнасці такой дзяржавай можа быць для АДКБ і Сірыя, і Украіна, і любая іншая краіна, дзе ў чальцоў АДКБ ёсць сумесныя інтарэсы», – піша «Независимая газета».

Выданне адзначае пры гэтым, што асаблівасць горна-пустынай мясцовасці Казахстану дае падставы сцвярджаць, што міратворцаў АДКБ усё ж рыхтуюць да адпраўкі ў Сірыю.

Раней беларускае Мінабароны паведамляла, што цяпер ад Беларусі ў вучэннях на поўдні Расеі прымае ўдзел блізу паўсотні вайскоўцаў. Колькі беларускіх вайскоўцаў прыме ўдзел у наступных этапах вучэнняў – невядома.

«Лукашэнка вінен Пуціну»

Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін лічыць адпраўку беларускіх міратворцаў у Сірыю вельмі верагодным сцэнаром.

«Гэта цалкам рэальна, бо ні Расея, ні Асад не прыме ў Сірыі нікога іншага. А Лукашэнка, як лічаць у Маскве, вінен Пуцінуён не падтрымліваў яго ў Сірыі, не дасылаў сваіх лётчыкаў, не праяўляў сябе як саюзнік. З іншага боку міратворчая місія – гэта магчымасць де-факта не прымаючы ўдзелу ў баявых дзеяннях заявіць пра сябе на міжнароднай арэне – а Лукашэнка, як мы бачым, звычайна карыстаецца любой нагодай для гэтага», – заявіў эксперт belsat.eu.

Памеры беларускага міратворчага кантынгенту, мяркуе Алесін, будуць невялікія – прыкладна адна рота. «Але і ўтрыманне гэтай роты будзе каштаваць Беларусі не танна – з улікам пералётаў, забеспячэння і г. д», – кажа ён.

Алесін адзначае: паводле заканадаўства Беларусі, прымусова накіраваць беларускіх жаўнераў для ўдзелу ў аперацыях за мяжой нельга.

«Гэта могуць быць толькі кантрактнікі і толькі дабраахвотнікі. Кожны вайсковец мусіць напісаць заяву на імя Лукашэнкі: «прашу дазволу прыняць удзел…». То бок адпраўка за мяжу – гэта справа выключная, гэта можа адбыцца толькі з дазволу прэзідэнта», – падкрэсліў ён.

Нагадаем, у чэрвені Расея звярнулася да краін СНД, у тым ліку да Беларусі, з пытаннем аб магчымасці накіравання кантынгенту ў Сірыю для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі. Але гаворка тады ішла пра кантынгент назіральнікаў, а не пра вайсковы кантынгент. Пры гэтым у МЗС Беларусі пазней заявілі, што Менск пакуль не атрымліваў афіцыйнай прапановы ад Расеі накіраваць сваіх назіральнікаў у Сірыю. 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары