75 гадоў з дня вызвалення людзей з нацысцкага канцлагеру Аўшвіц-Біркенаў. Падзея, якая мусіць аб’ядноўваць цывілізаваны свет, яго падзяліла. Урачыстасці адбываюцца як у Польшчы, на тэрыторыі былога нямецкага лагеру, гэтак і ў Ізраілі. А расейская прапаганда тым часам на ўсю моц палітызуе памяць пра ахвяраў Галакосту. Для чаго гэта робіцца і да чаго можа прывесці – глядзіце ў сюжэце з праграмы «ПраСвет».
Уладзімір Пуцін сыходзіць з трапа свайго самалёта ў аэрапорце Тэль-Авіву, куды прыляцеў для ўдзелу ў міжнародным Форуме памяці Галакосту, арганізаваным прарасейскім бізнесоўцам Мошэ Кантарам з нагоды 75-годдзя вызвалення Аўшвіцу. Кіраўніка Расеі ў аэрапорце ўрачыста сустракае ізраільскі міністр замежных справаў Ісраэль Кац.
Ісраэль Кац, міністр замежных справаў Ізраілю:
«Асабіста хачу падзякаваць вам, бо мая маці была адной з вязняў Аўшвіцу і была вызваленая Чырвонай Арміяй. Нягледзячы на гістарычныя дэбаты на тэму таго, што тады здарылася, мы, як тыя, каго вызвалілі, дакладна ведаем, хто нас вызваліў. Мы ведаем гістарычную праўду».
Тое, што ў кіраўніка ізраільскага МЗС сваё ўспрыманне гісторыі і дыпламатыі, стала зразумела яшчэ летась. Бо менавіта гэты самы Ісраэль Кац год таму заявіў, што, цытата, «палякі атрымалі антысемітызм з малаком маці». Тады гэта не проста выклікала вялікае абурэнне ў польскім грамадстве – у выніку Польшча не ўзяла ўдзелу ў сустрэчы кіраўнікоў краінаў «Вышэградскай чацвёркі» ды Ізраілю. І пакуль пацяплення польска-ізраільскіх стасункаў не праглядаецца.
Каментуе кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў:
«Тое, што габрэі памятаюць сваю гісторыю, – гэта добра. Але не трэба выбіраць з гісторыі нейкія факты, больш удзячныя для Расеі – трэба ведаць гістарычны кантэкст агульнаеўрапейскі».
Аднак пакуль гэты кантэкст не ўлічваецца. Гэтак, на мерапрыемствах у Ізраілі не было прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Прычына – кіраўніку краіны, на тэрыторыі якой і размяшчаўся лагер Аўшвіц, адмовілі ў выступе на цырымоніі, у адрозненні ад прадстаўнікоў Расеі, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі ды Германіі. А вось украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі форум усё ж наведаў.
Гаворыць Алег Будніцкі, дырэктар Міжнароднага цэнтру гісторыі і сацыялогіі Другой сусветнай вайны і яе наступстваў:
«Значная частка знішчаных у перыяд Галакосту – гэта ўкраінскія габрэі. І наагул літаратура Галакосту пачалася з Васіля Гросмана, з яго класічных твораў «Трэблінскае пекла» і «Украіна без габрэяў»… І значная частка ўкраінскага габрэйства, якая перажыла Галакост, рэпатрыявалася ў Ізраіль. І таму тое, што Зяленскі едзе і туды, і туды – з майго пункту гледжання абсалютна лагічна».
Аднак не толькі гістарычная памяць – прычына візіту кіраўніка Украіны ў Ізраіль.
Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Украіны:
«Былі думкі сустрэцца з прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі з нагоды таго, што нашыя каманды абгаворваюць другі этап абмену».
Наведае ўкраінскі прэзідэнт і святкаванні, арганізаваныя польскім урадам непасрэдна ў музеі на тэрыторыі былога лагеру Аўшвіц-Біркенаў 27 студзеня – у дзень яго вызвалення. Там таксама, як і ў Ізраілі, будуць прысутнічаць дэлегацыі з розных краінаў свету, аднак не будзе лідараў ЗША, Францыі і Расеі. Яно і не дзіва, бо не так даўно Пуцін у публічнай прамове ўсклаў на Польшчу віну за развязванне Другой сусветнай вайны.
Выказванні кіраўніка Расеі каментуе доктар гістарычных навук Лукаш Адамскі, намеснік дырэктара Цэнтру польска-расейскага дыялогу і паразумення:
«У пуцінскай Расеі Вялікая Айчынная вайна, як называюць Другую сусветную, выконвае ролю нейкай дзяржаўнай рэлігіі. А Уладзімір Пуцін лічыць сябе жрацом гэтай рэлігіі… Для Пуціна гэтае савецкае і нават часам неасталінскае бачанне гісторыі – нешта натуральнае. Гэты чалавек вырас пра такіх гістарычных поглядах, ён лічыць іх адзінымі правільнымі».
Падаецца, што Расея ўключыла сваю прапагандысцкую машыну напоўніцу дзеля максімальнай атакі па Польшчу. Ад абвінавачвання палякаў у спробах перапісаць гісторыю да шыкоўнага салюту ў Маскве ў дзень 75-годдзя заняцця савецкімі войскамі Варшавы.
Апагеем апошніх дзён сталася публічная заява праўладнага палітолага Яўгена Сатаноўскага, маўляў, «Сталін меў рацыю ва ўсім, што было ў Катыні».
Працягвае польскі гісторык Лукаш Адамскі:
«Электарату Пуціна і ўвогуле ўсім расейцам ужо надакучыла ўвесь час чуць пра Украіну, аб прыдуманым украінскім фашызме, уціску расейцаў і гэтак далей. То бок украінскі сюжэт ужо вычарпаў свае магчымасці ўздзеяння на расейскае грамадскае меркаванне. Але трэба знайсці новага ворага. І Польшча з пункту гледжання крамлёўскіх паліттэхнолагаў ідэальна падыходзіць для такой ролі».
У антыпольскую інфармацыйную кампанію Крэмль уключыў і сваіх беларускіх памагатых. Гэтак, беларуская рэдакцыя «Спутника» ў некаторых тэкстах адкрыта абвінавачвае Варшаву ў недастатковым ушанаванні Чырвонай Арміі, якая вызваліла Польшчу ад нацызму, а таксама ў саюзніцтве з нацыстамі ды антысемітызме. І самае галоўнае – войны памяці, аказваецца, таксама развязвае Польшча. Проста класіка.
«Беларусь – гэта краіна, якая вымушана быць паміж двух агнёў, на лініі фронту паміж змаганнямі крамлёўскай эліты і Захаду. І зразумела, што маніпуляцыя ідзе не на карысць перш за ўсё Расеі. А мы, кажучы мовай паточнай, адграбаем наступствы, якія атрымлівае беларускае грамадства, якое збольшага не ведае гісторыю», – мяркуе Ігар Мельнікаў.
Што цікава, Лукашэнка не браў удзелу ў ізраільскіх урачыстасцях, не паехаў і ў Польшчу. А вось 25 гадоў таму ён быў там першы і апошні раз менавіта на 50-х угодках вызвалення лагера Аўшвіц. Цяпер жа кіраўнік Беларусі стараецца ўстрымлівацца ад рэзкіх каментароў у дачыненні польскай ці расейскай гістарычнай палітыкі, аднак з яўным занепакаеннем паглядае ў бок расейскай прапагандысцкай актыўнасці. Бо наступную яе мэту ўгадаць вельмі складана.
Зміцер Міцкевіч, belsat.eu
Іншыя тэмы выдання: