Гадавіна вызвалення Аўшвіца: «Белсат» правёў наўпроставую трансляцыю з Польшчы


У 75-ю гадавіну вызвалення канцлагера Аўшвіц у Польшчы праходзяць урачыстыя мерапрыемствы з удзелам каля 200 вязняў, што выжылі. Месца правядзення – тэрыторыя дзяржаўнага музею Аўшвіц-Біркенаў. 27 студзеня туды прыехалі прадстаўнікі паўсотні дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў – Рады Еўропы, Еўрапейскага савету, ААН і ЮНЭСКО.

У афіцыйнай частцы мерапрыемстваў з нагоды 75-годдзя вызвалення канцлагера Аўшвіц, які знаходзіўся ў ваколіцах гораду Асвенцім, запланаваная прывітальная прамова прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Галоўным элементам стануць выступленні былых вязняў.

«Белсат» праводзіць наўпроставую трансляцыю з афіцыйнага мерапрыемства. Паглядзець яе можна будзе на нашым сайце Belsat.eu, YouTube-канале «Вот так», Facebook-акаунце «Белсат»-па-расейску і ў эфіры тэлеканалу. Пачатак – а 17:15 па Менску і Маскве.

Удзел у мерапрыемстве пацвердзілі дэлегацыі 50 дзяржаваў. Беларускую ўзначальвае намеснік старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Ісачанка, расейскую – пасол Сяргей Андрэеў, Украіну і Літву будуць прадстаўляць прэзідэнты Уладзімір Зяленскі і Гітанас Наўседа.

Нацысцкі лагер смерці Аўшвіц вызвалілі 27 студзеня 1945 года салдаты Чырвонай арміі. У яго крэматорыях і газавых камерах, паводле музею Аўшвіц-Біркенаў, былі забітыя 1,1 млн чалавек, 90% з іх – габрэі. Вызвалення дачакаліся каля 7 тысяч вязняў.

Чытайце і глядзіце па тэме:

ЛБ/МВ Belsat.eu

Стужка навінаў