Літва: Абвінавачаны ў шпіянажы сцвярджае, што беларускі КДБ яму не плаціў


Жонка Рамуальда Ліпскіса, якога падазраюць у шпіянажы для Беларусі, распавяла, што за паўгода да затрымання муж значна змяніўся.

Жанчына прызналася, што ў савецкія часы сама працавала ў КДБ, але пасля таго, як Літва атрымала незалежнасць, ніхто не пытаўся ў яе пра былое месца працы, падае zw.lt.

З 1986 года кабета працуе ў дзяржаўнай авіякампаніі «Oro navigacija», дзе перад затрыманнем працаваў таксама ейны муж. Яна распавяла на судзе, што ў часы СССР 8 месяцаў была тэлефаністкай у КДБ, дзе ёй адпавядаў графік працы. «Пазней я пайшла ў дэкрэтны адпачынак і на працу ўжо не вярнулася», – расказала жонка абвінавачанага.

Паводле яе сведчанняў, за паўгода да затрымання, ейны муж пачаў вельмі дзіўна сябе паводзіць: спажываў алкаголь, паліў і ўсюды яе суправаджаў. «Я нават падумала, што ён захварэў», – распавяла жанчына, дадаўшы, што арышт сужонка вельмі яе здзівіў.

Пракурор абвінаваціў Ліпскаса ў тым, што той сустракаўся з афіцэрам беларускага КДБ Сяргеем Куруленкам і перадаваў яму копіі дакументаў. «Я прызнаю, што я фатаграфаваў дакументы, але маёй віны ў гэтым няма. Я зрабіў гэта, каб КДБ ад мяне адчапіўся», – патлумачыў падазраваны. Паводле яго, гэтыя дакументы не былі сакрэтнымі.

Адвакат Ліпскаса распавёў журналістам, што яго падабаронны не атрымліваў ад беларускага КДБ грошай, а пагадзіўся супрацоўнічаць толькі праз пагрозы з боку агента.

У пачатку лістапада 2014 года Генеральная пракуратура Літвы абвесціла пра затрыманне грамадзяніна Літвы, якога падазравалі ў шпіянажы на карысць Беларусі. Арыштаваным аказаўся Рамуальд Ліпскас, які працаваў электрыкам у кампаніі «Oro navigacija». Паводле літоўскай пракуратуры, мужчына фатаграфаваў сакрэтныя дакументы і іншыя аб’екты, а потым перадаваў у Беларусь. Пракуратура не выключае, што беларуская выведка дзялілася звесткамі з расейскімі калегамі.

Высветлілася, што падазраваны быў арыштаваны каля года таму, а 10 лістапада 2014 года яму афіцыйна выставілі абвінавачанні ў шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы, за што прадугледжана пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.

МЯ, паводле zw.lt.

Стужка навінаў