Літовец прадставіўся ў Нямеччыне ўцекачом, атрымаў кватэру і паўгода жыў на дапамогу


Грамадзянін Літвы сказаў, што ўцякае ад Пуціна, атрымаў статус уцекача і ўзяўся за крадзяжы нямецкіх крамаў.

Незвычайную гісторыю пра злоўжыванне прытулкам для ўцекачоў распавядае сайт Delfi.lt, які падае гісторыю грамадзяніна Літвы Андрэя (імя змененае).

Ён прыкінуўся ўцекачом і афіцыйна атрымаў адпаведны статус у Нямеччыне.

Крадзяжы ў крамах і наркотыкі

Спачатку мужчына пакінуў Літву з-за даўгоў і першы час жыў на вуліцы ў Берліне. Там пазнаёміўся з бяздомным палякам, разам з якім заняўся крадзяжамі ў крамах. Кралі не толькі для сябе, але і для іншых па замове, прадававаючы тавары за паўцаны – для мясцовых туркаў, палякаў, літоўцаў і рускіх. Найбольшым попытам карысталіся алкаголь і цыгарэты. Заробленыя грошы Андрэй выдаваў на гераін – тады ён быў залежным ад наркотыка.

Ужо адзінаццатыя содні Андрэй начаваў у закінутым доме, калі туды прыйшоў невядомы, як пасля высветлілася, чачэнец. Апошні прапанаваў Андрэю адкрыць рахунак у банку на сваё імя. На рахунак павінны былі прыходзіць грошы, частку з якіх бы атрымоўваў Андрэй. Гэты ж чачэнец параіў Андрэю пайсці ў цэнтр уцекачоў «Azul» – маўляў, там дадуць дапамогу і інтэрнат. Хлопец так і зрабіў. Адразу ж атрымаў часовы статус уцекача і аднаразовую дапамогу ў 50 еўраў.

Мужчына пасяліўся ў інтэрнаце, жыў у пакоі з дагестанцамі. Там яго тры разы на дзень кармілі, выдавалі гігіенічныя прыналежнасці, а яшчэ ён атрымоўваў дапамогу ў памеры 180 еўраў у месяц. Як кажа Андрэй, кожны дзень з суседзямі яны палілі траву.

Праз два месяцы прызначылі размову, падчас якой вырашалася, ці атрымае Андрэй сталы статус уцекача. Сябры дагестанцы параілі сказаць, што ён арганізоўваў хваляванні супраць Пуціна, з-за чаго яго пераследуе рэжым і ён не можа вярнуцца ў Расею.

Так і зрабіў. Размова цягнулася доўга, дапытвалі з дэталямі. Але ў выніку Андрэй атрымаў статус уцекача і від на жыхарства ў Нямеччыне на два гады. Пасля чаго зрабіў выснову, што падмануць сістэмы нялёгка, але магчыма.

Атрымаў кватэру ў цэнтры Берліну

Пагутарыўшы з сябрамі дагестанцамі, Андрэй вырашыў, што хоча жыць асобна. На гэты раз ён прыдумаў гісторыю, што яго тэрарызуюць чачэнцы. Праз тыдзень яму далі аднапакаёвую кватэру недалёка ад цэнтру Берліну. Яна была пустая, таму яму далі яшчэ 1300 еўраў на мэблю. За камунальныя паслугі мужчыне плаціць было не трэба, па-ранейшаму ён атрымоўваў дапамогу (180 еўраў). Ён набыў толькі ложак і яшчэ пару рэчаў, а рэшту грошай выдаткаваў на гераін. І ўвесь час працягваў займацца крадзяжамі ў крамах разам з сябрамі. У дзень гэты занятак прыносіў каля 200 еўраў. Некалькі разоў Андрэя лавілі, але адпускалі, калі даведваліся пра статус уцекача.

Такое жыццё працягвалася каля паўгода. Андрэю прыйшлося ўцякаць і ад сваіх падзельнікаў. Таму ён вярнуўся ў Літву і вырашыў лячыцца ад нарказалежнасці.

НМ, belsat.eu, паводле Delfi.lt, фота UNHCR/ G.Welters

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары