Міжнароднае вайсковае ўтварэнне адметнае тым, што не мае агульнага месца раскватаравання: штаб знаходзіцца ў Любліне, а астатнія часткі – на сваіх звычайных базах у родных краінах. Міністэрства абароны Літвы паведамляе, што брыгада будзе названая ў гонар пераможцы маскоўскага войска пад Воршаю Канстанціна Астрожскага.
Міратворцы з Рэчы Паспалітай
Перайменаванне адбылося разам з частковай зменай трохбаковай дамовы аб стварэнні баявой адзінкі. Раней гэта было зʼяднанне войск з пераважна адукацыйнымі функцыямі – афіцэры і байцы павінны былі рыхтавацца да сумесных дзеянняў, падвышаючы ўзровень супрацы і ўзаемапаразумення. Для Украіны гэта была таксама нагода атрымаць досвед у карыстанні стандартамі сувязі і арганізацыйнай структуры NATO.
Цяпер брыгада можа таксама выкарыстоўвацца падчас міжнародных вайсковых аперацый адпаведна з міжнародным правам. То бок можа быць адпраўленая ў зону баявых дзеянняў. Аднак не для вядзення вайны, а для «падтрымкі міра і спынення крызісаў» на падставе мандата Рады Бяспекі ААН, паведамляе афіцыйны сайт вайсковай адзінкі.
Дзеля гэтага адна з мэтаў камандавання брыгады – навучыцца дзейнічаць ва ўмовах абмежаванага выкарыстання зброі, збіраць інфармацыю і разбудоўваць супрацу з мясцовым цывільным насельніцтвам ва ўмовах дзеяння разнастайных палітычных і эканамічных інтарэсаў.
Жыць асобна, разам змагацца
Брыгаду стварылі ў верасні 2014 года, яе ўзначальвае па чарзе прадстаўнік арміі кожнай дзяржавы-удзельніцы па прынцыпе ратацыі. Цяпер камандуе адзінкай палкоўнік польскай арміі Зянон Брушка.
Асноўныя баявыя часткі брыгады – летувіскі батальён уланаў Вялікай княгіні Біруты, польскі Падхальскі батальён стралкоў і ўкраінскі аэрамабільны батальён. Таксама ў яе склад залічаныя батальён самаходнай артылерыі, батальён супрацьпаветранай абароны, батальён сапёраў. Дзейнічае і рота вайсковай паліцыі, якая складаецца з трох нацыянальных звязаў. Такім чынам агульны лік байцоў брыгады можа перавышаць 3.000 чалавек.
Аднак LITPOLUKRBRIG (афіцыйны скарот для назову адзінкі) адрозніваецца ад усіх астатніх тым, што не мае агульнага месца раскватаравання. Штаб брыгады знаходзіцца ў Любліне. А астатнія часткі – на сваіх звычайных базах у родных краінах – і збіраюцца разам для правядзення вучэнняў.
Такім чынам утворана нешта накшталт сеткавай структуры. Інтэграцыя – вось галоўная ідэя існавання трохнацыянальнай адзінкі. Штаб брыгады павінен забяспечыць эфектыўнае планаванне, каб у патрэбны час склікаць сваіх падначаленых і кіраваць шматнацыянальнымі сіламі, а самі вайскоўцы павінны навучыцца супрацоўнічаць.
Другі Ганібал
Князь Канстанцін Астрожскі быў прадстаўніком праваслаўнай арыстакратыі Вялікага княства Літоўскага, меў уладанні на тэрыторыі сучасных Беларусі і Украіны. У пачатку 16 стагоддзя доўгі час быў вялікім гетманам літоўскім – узначальваўшы такім чынам усе войскі Вялікага княства.
У 1514 годзе гетман Астрожскі перамог шматлікае маскоўскае войска ў бітве пад Воршаю, кіруючы арміяй ВКЛ разам з атрадамі польскіх наймітаў і добраахвотнікаў. У выніку князя, які атрымаў і славу аднаго з самых здольных военачальнікаў свайго часу, называлі «другім Ганібалам» і «рускім Сцыпіёнам».
«Насамрэч, ніхто ня служыў Літве і Польшчы старанней за Астрожскага, брата расейцаў у царкве, але страшэннага ворага іх у полі. Адважны, бадзёры, славалюбівы, гэты ваявода адушавіў палкі Літоўскія, шляхецкія паны і шараговыя ваяры ахвотна ішлі з ім у бой», – пісаў пра Астрожскага расейскі гісторык Мікалай Карамзін.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu