Лік вымушаных перасяленцаў у свеце дасягнуў рэкордных 65,6 млн


Вайна, гвалт і пераслед прымусілі пакінуць свае дамы найбольшую колькасць мужчынаў, жанчын і дзяцей па ўсім свеце, чымся за ўсю 70-гадовую гісторыю існавання Управы вярхоўнага камісара ў справе ўцекачоў.

Справаздачу апублікавалі сёння.

Штогадовае даследаванне Global Trends паказала, што ў канцы 2016 года колькасць уцекачоў склала 65,6 мільёна. У параўнанні з мінулым годам, гэты паказнік павялічыўся на 300 тысяч.

«У сярэднім у мінулым годзе кожную хвіліну 20 чалавек пакідалі свае дамы, гэта значыць па аднаму чалавеку кожныя тры секунды», – тлумачыцца ў дакладзе.

Апошнія 7 гадоў галоўны «пастаўшчык» уцекачоў – Сірыя (5,5 млн людзей). Акрамя таго, расце напружанасць у Паўднёвым Судане. Да канца мінулага года ў сувязі з эскалацыяй ваеннага канфлікту гэту краіну пакінулі звыш 737 тысяч людзей. Колькасць уцекачоў адтуль можа павялічыцца.

Назіраецца і запавольванне росту некаторых паказнікаў. Напрыклад, колькасць людзей, перамешчаных у межах сваіх краін, склала каля 40,3 млн – на 500 тысяч менш, чым у 2015 годзе. Колькасць тых, хто шукае прытулку цяпер на ўзроўні 2,8 млн чалавек, што на 400 тысяч менш.

Старшыня ведамства ААН па справах уцекачоў Філіпа Грандзі заклікаў сусветную супольнасць павялічыць колькасць месцаў для рассялення ўцекачоў у 13 разоў, што дазволіць забяспечыць жыллём больш за адзін мільён чалавек.

КА/ДР belsat.eu

Стужка навінаў