Культавы гурт «Крамбамбуля» ў фільме пра свабоду. Прэм'ера на «Белсаце»


З нагоды 7-ай гадавіны «Белсату» і Міжнароднага дня правоў чалавека незалежны тэлеканал прэзентуе фільм «Свабоду не стрымаць», галоўныя героі якога – музыкі гурта «Крамбамбуля».

Дакументальную стужку «Свабоду не стрымаць», знятую беларуска-нямецкай рэжысёркай Інгай Лізянгевіч, глядзіце на «Белсаце» 10 снежня а 22.30.

Мала хто адважваецца ў Беларусі публічна выказваць свае погляды. Адзін з іх – фронтмэн рок-гурта «Крамбамбуля» Лявон Вольскі. Праз гэта калектыў не можа свабодна выступаць у Беларусі, бо група знаходзіцца ў «чорным спісе» дзеячоў культуры. Прыхільнікі гурта, каб паслухаць любімых выканаўцаў, мусяць выязджаць на канцэрты за мяжу.

Стваральнікі стужкі «Свабоду не стрымаць» сядаюць у перапоўнены цягнік ды выпраўляюцца на замежны канцэрт «Крамбамбулі» разам са шматлікімі беларускімі фанатамі. Для некаторых з іх канцэрт беларускага гурта – гэта аазіс свабоды, для іншых – гэта толькі забава.

«Я ўяўляў нашых слухачоў крыху інакш, – падзяліўся з Belsat.eu спявак Лявон Вольскі. – Я ведаў, што «Крамбамбулю» слухаюць і міліцыянты, і дзяржаўныя чыноўнікі, але не прыпускаў, што сярод нашых фанаў ёсць настолькі апалітычныя людзі. Фільм «Свабоду не стрымаць» адкрыў мне новае пра нашых аматарў».

Рэжысёрка Інга Лізянгевіч прызналася Belsat.eu, што сама з’яўляецца аматаркай творчасці Лявона Вольскага і гурта «Крамбамбуля». «Як глядач, фанатка. я бачу прыгожых, вясёлых, прыўкрасных музыкаў на сцэне. І мне хацелася даведацца больш пра іх – пра іхныя будні, думкі, пра творчыя моманты, зразумець, чым яны жывуць у паўсядзённасці. І мне здаецца, што праз фільм мне ўдалося з іншай перспектывы ўбачыць штодзённае жыццё ў нашай краіне», – распавяла спадарыня Інга.

Першай кропкай адліку ў стварэнні стужкі, паводле аўтаркі, стала наведванне канцэртаў «Крамбамбулі»: «Слова «свабода» даволі часта ўжываецца ў розных кантэкстах. Але, трэба спачатку гэтую свабоду адчуць, каб зразумець чаго менавіта прагнеш. І вось такое пачуццё свабоды, ці можа яшчэ нечага, што цяжка апісаць, я адчула на канцэртах гурта ў Берліне і Вільні».

На думку рэжысёркі, сітуацыя, у якой існуе «Крамбамбуля» вельмі добра адлюстроўвае стан, у якім існуюць творчыя людзі на Беларусі.

«Музыкі і фанаты едуць у адным цягніку, каб увечары сустрэцца на канцэрце, а наступным днём вярнуцца дадому, у штодзённасць. І каб адчуць гэты выключны стан на канцэрце, людзі гатовыя стаяць у чэргах, каб атрымаць візу, ехаць шмат гадзінаў на цягніку. Выключны стан музыкаў і слухачоў падчас канцэрту, а таксама жыццё па-за гэтай выключнасцю – гэта тое, што я хацела паказаць», – заўважыла спадарыня Інга.

Лявон Вольскі заўважыў, што дакументальныя стужка цікавая перадусім таму, што гэта жыццёвы зрэз у канкрэтнай прасторы і ў спецыфічным часе. «Заходнія гледачы адкрыюць праз яго больш пра Беларусь і беларусаў. Мы ж, як мне здаецца, стараемся наадварот уцячы і схавацца ад той рэальнасці, якую прадстаўляе стужка».

Тое, што выступы «Крамбамбулі» забараняюць у Беларусі ўжо цягам 7 гадоў, спадар Вольскі лічыць ударам для калектыву: «Крамбамбуля» спявае ў лёгкім, забаўляльным жанры, але гурту усё роўна не дазваляюць выступаюць. І тут варта ставіць пытанні: чаму так адбываецца і хто за гэтым стаіць».

«Еўрапейскаму гледачу, пэўна, будзе цікава даведацца, што адбываецца, калі ўлады вар’яцеюць, што гэткі ідыятызм – «чорныя спісы» – сапраўды можа існаваць. У такім выпадку ніхто не застаецца па-за падзеямі, нават такія далёкія ад палітычнай сферы музыкі», – скаментаваў прадстаўнік «Крамбамбулі» Павел Аракелян.

ВШ, belsat.eu

Стужка навінаў