«Крызіс у галовах»: працаўнікі ПМК-118 у Чачэрску без заробку 4 месяцы


Усход Беларусі. Старажытны Чачэрск. Горад з багатаю гісторыяй ды прыгожаю прыродаю мае прывабліваць на Гомельшчыну турыстаў – як суграмадзянаў, гэтак і замежнікаў. Між тым людзі адсюль… бягуць. І прычыны тых уцёкаў знаёмыя сёння ці не ў кожным куточку Беларусі.

Пайдзі працаваць і ста рублёў не ўбачыш!

«Нехта шукае іншую працу. Альбо калым – ну, нейкія падпрацоўкі недзе. Ну, афіцыйна тут працаваць за два-тры мільёны… Я ведаю людзей, у якіх зарплата менш за мільён. Прыбіральшчыцы тут, я ведаю, у вучэльні, якія атрымліваюць увогуле мізэрную зарплату – і яшчэ неяк выкручваюцца за гэтую зарплату ўтрымліваць дзяцей і самыя жывуць неяк»,

«З працай зусім туга! Зусім! Працы няма. Вунь ПМК закрылі, зарплаты не плоцяць – глуха, зусім як у танку!»,

«Няма працы! Ну вось так па ўсім Чачэрску! ПМК ужо чатыры месяцы грошай не давалі. За травень як аддалі – і больш не давалі! Па трыццаць рублёў у месяц даюць – і вось паспрабуйце пражыць за гэтыя грошы месяц!»,

– распавялі жыхару Чачэрску.

Працаўнікі ПМК-118 без зарплаты

Скандальную інфармацыю пацвярджаюць і ўласна працаўнікі ПМК-118 – што праўда, ананімна: нехта з нашых рэспандэнтаў усё яшчэ спадзяецца атрымаць свае кроўныя, калі не будзе абурацца ўголас.

Працаўнік ПМК-118: «За свой кошт ідзі гуляй! Працы няма! А за што жыць?»

Белсат: «А колькі яны Вам вінныя?»

Працаўнікі ПМК-118: «Ну, на жнівень месяц шэсць мільёнаў былі вінныя. Плюс кампенсацыю за адпачынак налічыць павінны».

Белсат: «А колькі Вам у месяц плацілі, на рукі давалі?»

Працаўнікі ПМК-118: «Гэтак і жылі. Пакуль маці жывая – жывем і мы».

Інфармацыю пра затрыманне заробкаў падцьвердзілі нам таксама іншыя працаўнікі прадпрыемства.

Каментар кіраўніцтва: дзе праўда, а дзе хлусня?

Кіруемся на ПМК-118. У браме журналістаў сустракае дырэктар. Што праўда, не для таго, каб паразмаўляць…

Белсат: «Добры дзень!»

Віктар Лімантаў: «А вам няймецца!»

Белсат: «Вы нас, здаецца, падманулі! Чаму заробку людзям не плоціце?»

Віктар Лімантаў: «…».

Цікава, што яшчэ два месяцы таму Віктар Лімантаў быў куды больш гаваркі ды папросту выпраменьваў пазітыў.

Віктар Лімантаў: «Людзі ўсе працуюць, занятыя, атрымліваюць зарплату – аніякіх пытанняў няма».

Белсат: «А банкруцтва, ліквідацыя, санацыя?»

Віктар Лімантаў: «Нас гэта не тычыцца».

Дык дзе праўда, а дзе хлусня? Сітуацыю прасвятліла бухгалтарка прадпрыемства, ці то цёзка на прозвішча, ці то сваячка дырэктара. Спачатку жанчына аднеквалася, быццам нічога не ведае, але потым прызналася.

«Мы ліквідаваныя. Нашай арганізацыі няма. Едзьце ў «Гомельаблбуд» – і там вас усё патлумачаць», – пракаментавала Марыя Лімантава.

«У нас закрытыя рахункі. У нас грошай аніякіх няма. Вось мы здамо баланс. Мы аддалі туды ўсе дакументы. Павязуць у суд – на банкруцтва. Суд ухваліць рашэнне: вось у нас тэхніка ёсць, памяшканне – прададуць і будуць плаціць. Мы тут аніпрычым!», – дадала бухгалтар прадпрыемства.

Паляванне на чыноўнікаў

Каб дазнацца праўду, наш калега Кастусь Жукоўскі хацеў напісаць заяву, аднак ахова Чачэрскага выканкаму не пусціла журналіста ў будынак, патлумачыўшы свае дзеянні тэлефонным загадам мясцовай міліцыі. Давялося чыноўнікаў лавіць на вуліцы.

Што мяркуе адносна нявыплаты заробкаў Юлія Басаргіна в.а. кіраўніка справамі райвыканкаму?

Белсат: «Чаму людзі на сённяшні момант не атрымалі заробак за чатыры месяцы?»

Юлія Басаргіна: «Вы не можаце мяне прымусіць. Калі ласка, будзьце свабодныя!»

Калі не ўлады, то хто адкажа на гэтае простае пытанне і адкажа за гэткую складаную сітуацыю ў горадзе?

Валер Руселік, «Белсат»

Стужка навінаў