Пра гэта паведамляе svaboda.org.
«Учора тры гадзіны трымалі панятых, перакрылі ўваходы-выхады, а з будынка школы нікога не выпускалі, – расказала адна з выкладчыцаў гімназіі. – Падстава нібыта такая: дзіцё паступала ў пяты клас, і бацькі ў якасці «падзякі» прынеслі $ 500. Праўда, як аказалася, «мечаных». Тут жа следам наскочылі супрацоўнікі спецслужбаў…».
Юрый Бандарэнка, быў затрыманы 18 жніўня на сваім працоўным месцы.
«Затрымалі яго ўдзень, непасрэдна ў гімназіі. Перакрыты быў цэлы паверх, туды нікога не пускалі. У кабінеце дырэктара правялі вобшук, у панятыя ўзялі двух сакратароў і завуча, – паведаміла «Нашай Ніве» крыніца, якая працуе ў навучальнай установе. – … За што затрымліваюць Бандарэнку, не паведамлялі. Вобшук праводзілі пяцёра ў цывільным. Вядома, што яны забіралі паперы з кабінета Бандарэнкі, прычым толькі тыя, дзе было штосьці напісана яго ўласнай рукою – надрукаванага не бралі».
Юрый Бандарэнка працаваў дырэктарам гімназіі №4 з 1997 года. Ягоны педагагічны стаж складае 45 гадоў.
Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне Юрыя Бандарэнкі пакуль няма.
Гімназія № 4 – адна з пяці беларускамоўных у Менску і адзіная ў Фрунзенскім раёне.
Юры Бандарэнка хоць і кіраваў беларускамоўнай установай, але беларускасці ў яе сценах яўна бракавала. Нестыкоўка паміж шыльдай і практыкай ня раз станавілася прычынай канфліктных сітуацыяў.
Адным з самых паказальных стаў пікет пад вокнамі гімназіі ў міжнародны Дзень роднай мовы. Зладзіў пікет Генік Лойка, чые трое дзяцей навучаліся і навучаюцца дагэтуль у школе. Вядомы скульптар і актывіст патрабаваў рэальнай, а ня «дзьмутай» беларускасці з унясеннем адпаведных пунктаў ва ўнутраны статут. Скончылася гэта для пікетоўца 5 суткамі арышту, кіраўніцтва гімназіі судовае рашэнне ўхваліла.
Юры Бандарэнка – заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалём Францішка Скарыны і знакамі «Выдатнік адукацыі СССР», «Выдатнік адукацыі РСФСР», «Выдатнік адукацыі БССР», лаўрэат прэміі Менгарвыканкаму.
Фота: svaboda.org
ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org