Затрыманы дырэктар сталічнай беларускамоўнай гімназіі №4


Затрыманы дырэктар менскай беларускамоўнай гімназіі №4 Юрый Бандарэнка, паведамляе nn.by.

Паводле выдання, гэта адбылося 18 жніўня ўдзень, у  будынку гімназіі. Відавочцы паведамляюць, што быў перакрыты цэлы паверх і туды нікога не пускалі. У кабінеце кіраўніка прайшоў вобшук, а ў якасці панятых запрасілі двух сакратароў і завуча.

Хто ажыццяўляў затрыманне, дакладна невядома. Імаверна, што гэта былі супрацоўнікі КДБ. Прычыны арышту і вобшуку не паведамляліся. Пяцёра чалавек у цывільным забіралі з кабінета Бандарэнкі паперы, «прычым толькі тыя, дзе было штосьці напісана яго ўласнай рукою – надрукаванага не бралі», кажуць крыніцы ў гімназіі.

Юрый Бандарэнка працаваў дырэктарам гімназіі №4 з 1997 года. Ягоны педагагічны стаж складае 45 гадоў.

Афіцыйнай інфармацыі пра затрыманне Юрыя Бандарэнкі пакуль няма. Аднак супрацоўнікі ўстановы адукацыі звязваюць гэта з гаспадарчай дзейнасцю або з пытаннямі да прыёму дзяцей у гімназію. Навучальная ўстанова месціцца ў сталічным мікрараёне Кунцаўшчына.

ЮВ, belsat.eu, паводле nn.by

Стужка навінаў