Косінец вярнуўся на дзяржслужбу ў якасці памочніка Лукашэнкі

video

Адпаведны загад падпісаў Лукашэнка, паведамляе ягоная прэс-служба.

Кіраўнік Беларусі адправіў Косінца ў адстаўку з паста галавы Адміністрацыі прэзідэнта ў снежні летась «у сувязі з пераходам на іншую працу». Дагэтуль Косінец афіцыйна нідзе не працаваў.

Яшчэ напярэдадні звальнення Аляксандра Косінца палітолагі бачылі яго ў якасці аднаго з пераемнікаў Лукашэнкі. Аднак пасада кіраўніка адміністрацыі для былога кіраўніка віцебскай вертыкалі неўзабаве стала хісткай. Лукашэнка меў прэтэнзіі да чыноўніка, ад якога нібыта не паступала свежых, «непрычасаных» ідэяў. Кіраўнік Беларусі крытыкаваў яго за кепскую кадравую працу (не было кандыдатаў на кіраванне асноўнымі фабрыкамі ды заводамі) і за прыгнёт чыноўніцкай ініцыятывы.

Пасля адстаўкі Косінца выконваючым абавязкі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта прызначылі Валерыя Міцкевіча. Пазней Адміністрацыю на пастаяннай аснове ўзначаліла Наталля Качанава. 56-гадовая нарадзінка Полацку стала першай жанчынай на гэтай пасадзе.

І Качанава, і Косінец паходзяць з Віцебскай вобласці. Аляксандр Класкоўскі ў адным з каментароў для «Белсату» адзначыў, што Косінец, адыходзячы з пасады, мог параіць свайго чалавека. У выніку атрымалася замена «шыла на мыла», сказаў тады палітычны аглядальнік.

«На былых пасадах Косінец вылучаўся звышактыўнасцю. Пра такіх кажуць «матор у дупе». Не Карлсан, вядома, але калі трэба будзе, то паляціць. І калі быў віцэ-прэмʼерам, і на пасадзе кіраўніка Віцебскага аблвыканкаму, Аляксандр Мікалаевіч праяўляў гатовасць працаваць, трэсці падначалены чынавенскі апарат, і нават – хаця ў нашай краіне такі прывілей належыць толькі адной асобе – і мы гэтую асобу ведаем – «ператрахіваць» яго», – пісаў пра Косінца Аляксандр Фядута.

Будучы кіраўніком Адміністрацыі Косінец казаў, што людзей, якія «сядзяць проста ў крэслах», не мусіць быць.

Аляксандр Косінец нарадзіўся 27 мая 1959 года ў вёсцы Роскі Сялец Аршанскага раёна. Па адукацыі – хірург.

З 1997 па 2005 год Косінец быў рэктарам Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта. Пасля працаваў на разнох пасадах у апараце Лукашэнкі: віцэ-прэмʼер (2005-2008), старшыня Віцебскага аблвыканкаму (2008-2014). З 2014 – па 5 снежня 2016 года кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Мае сына.

У лістападзе 2011 года Лукашэнка надаў яму вайсковае званне генерал-маёра.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары