КДБ зняпраўджвае інфармацыю пра дэпартацыю ўкраінскай добраахвотніцы


Інфармацыя пра высылку з Беларусі Аліны Касоўскай, якая ваявала ў складзе «Правага сектару», з’явілася 14 траўня.

У Камітэце дзяржбяспекі Беларусі гэтыя звесткі зняпраўдзілі.

«Распаўсюджаная інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці. Больш ніякіх тлумачэнняў не будзе», – паведаміў парталу TUT.BY начальнік прэс-службы КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Украінку, якая ваявала на Данбасе ў складзе добраахвотніцкага ўкраінскага корпусу «Правы сектар», затрымалі ў Менску пасля таго, як яна скончыла размаўляць з журналістам «Белсату». Аліну «Фартуну» Касоўскую і Алеся Залеўскага разам з аператарам схапілі людзі ў цывільным, калі яны выходзілі з пад’езда. Ананімы зацягнулі іх у мікрааўтобус без апазнавальных знакаў.

Касоўская знаходзілася ў Беларусі ад 3 траўня, праводзіла тут свой адпачынак, наведваючы Магілёў, Віцебск ды Менск.

У Гомлі яна завітала да бацькоў Міхаіла Жызнеўскага і збіралася ў Берасце, на магілу Алеся Чаркашына. Паводле дзяўчыны, яна ад самага пачатку заўважыла, што за ёй сочыць КДБ.

Сёння ў сваім «Facebook’у» яна напісала пра наведванне беларускай амбасады ў Кіеве, дзе з ёй размаўляў прадстаўнік КДБ. Паводле «дарадцы» Яўгенія Красціна, «у Беларусі пераследуюцца законам абсалютна ўсе грамадзяне Беларусі, якія бяруць удзел у АТА». На ягоную думку, прычынаю для дэпартацыі магла паслужыць дзейнасць дзяўчыны ва Украіне.



ДР, belsat.eu

Стужка навінаў