Каму патрэбная беларуская спадчына Элізы Ажэшкі?


Адзіны ўказальнік, па якім могуць зарыентавацца турысты, якія едуць у Багатырэвічы, гэта драўляны Ясь, што стаіць каля трасы. Выразаны вусаты дзядзька ў брылі выцягнутай рукой паказвае дарогу да магілы Яна і Цыцыліі. Далей трэба будзе крыху паблукаць, збочыць з дарогі палявой сцежкай, прайсці поруч з гарой гною леваруч, ды, нарэшце, падыйсці да легендарнага крыжа…

Наднёманскія вёскі Багатырэвічы і Мінявічы, што на Мастоўшчыне, ці не найбольш звязаная з Элізай Ажэйшкай кропкі ў Беларусі. Тут пісьменніца праводзіла не адно лета ў 1870-80-х, тут на лаўцы паміж клёнамі на высокім беразе пісала свой раман «Над Нёмнам».

Тутэйшы шляхціч Ян Каменскі, уладальнік Мінявічаў, у творы ператварыўся ў галоўнага героя – паўстанца 1863 году Андрэя Карчынскага. Сапраўдны Каменскі вярнуўся ў родныя Мінявічы з ссылкі ў 1882-м, каб адыйсці з гэтага свету праз дзесяць год…

Анёл з абляцелымі крыламі

Падыходзім да крыжа. Сціплы помнік хаваецца ў соснах на ўскрайку поля. Крыж гэтым разам – назва ўмоўная, бо акурат крыж з рук Збаўцы выпаў з манумента. Абляцелі таксама і крылы анёлаў.

Без належнага дагляду драўляныя дэталі доўга жыць не будуць. Унізе два валуны з прадрапанымі крыжамі ды неразборлівымі літарамі. Побач з помнікам шмат знічак, польскія сцяжкі, шаўрон з белым арлом.

Як кажа гісторык, з якім мы прыехалі, польскія экскурсіі тут бываюць даволі часта. Адзін бус – пяцьдзясят палякаў. Пераважна, старыя людзі, моладзі гэта мала цікава. Але ёсць праблема: суседзі прыязджаюць і… ад’язджаюць. Побач з помнікам няма дзе прысесці, паесці, што набыць ці ўзяць на памяць. Хіба знічку запаліць.

Жыгімонт, паўстанне і «канструктыўны патрыятызм»

Магіла Яна і Цыцыліі ў творы Ажэшкі займае адно з ключавых месцах. Мараль раману круціцца вакол ідэі саюзу шляхты і сялянаў для дабра айчыны, сімвалам чаго і стае пахаванне, вядомае з часоў ВКЛ. Тады, паводле легенды, кароль Жыгімонт падчас палявання натрапіў на засценак, у якім жылі селянін Ясь ды шляхцянка Цыцылія, разам працуючы і адваёўваючы ў пушчы кожную дзялянку зямлі. Расчулены кароль даў гаспадарам зямлі ды ператварыў гісторыю ў легенду.

Як гэта ўсё звязана з Карчынскімі-Каменскімі і 1863 годам? Пасля паразы паўстання, масавых арыштаў і канфіскацыяў маёнткаў, перад грамадствам былой Рэчы Паспалітай паўстала пытанне: што рабіць? Выйсцем для палякаў апынулася ідэалогія канструктыўнай працы на карысць нацыі: праз культуру, школьніцтва, гаспадарчую дзейнасць. Сюды ж вельмі дарэчна падыходзіла ідэя хаўрусу паміж рознымі слаямі грамадства, паказаная ў Ажэшкі.

Гістарычна метад перамог, бо да падзеяў Першай сусветнай вайны і Рэвалюцыі ў Расеі палякі падышлі цалкам спелай і падрыхтаванай нацыяй. Раман Ажэшкі ператварыўся ў нацыянальны эпас, які дзеці вывучаюць у школах, а двухгадзінную экранізацыю часоў «Польскі Людовэй» не глядзеў у Польшчы, мабыць, толькі сляпы.

Таму, менавіта, Багатырэвічы і Мінявічы ў Польшчы ведаюць значна лепш, чым у Беларусі…

Затоплены яр

Да Нёмну ад старога крыжа спускаецца спарахнелая драўляная лесвіца. Там, дзе драўляныя часткі цалкам знішчаныя вільгаццю, з зямлі тырчаць толькі цвікі – варта быць абачлівым. Сходы вядуць да помніка прыроды – геалагічнага агалення «Самастрэльнікі».

Прасцей кажучы, гэта яр, у якім адкрыліся сляды акамянелай даледавіковай расліннасці яшчэ ў канцы ХІХ ст. – акурат у часы Ажэшкі. Пісьменніца, дарэчы, яго апісвае ва ўспамінах. Цяпер яр нагадвае балота: пасля будаўніцтва ГЭС вада паднялася ды затапіла помнік: ніякіх акамянеласцяў тут ужо не бачна.

Як набыць легенду?

Калі праехаць троху вышэй па Нёмне, трапіш у былы шляхецкі засценак Багатырэвічы, дзе і жылі Каменскія, прататыпы сям’і Карчынскіх. Сядзібны дом не захаваўся, здалёк бачныя адно фальварковыя будынкі без дахаў. З боку Нёмну ў зарасцях схаваліся гаспадарчыя збудаванні, дэкараваныя дробным каменьчыкам на фасадзе і магутнымі валунамі па баках.

Тут жа на пагорку вялізныя клёны, пад якімі пісала Ажэшка. Справа ў тым, што напрыканцы 1990-х сюды можна было прайсці без аніякіх перашкодаў, а пад клёнамі стаяла лава, нібы тая яшчэ, ажэшкавая. Цяпер камель аднаго з дрэваў выпалены, верхавіна павалілася, навокал усё зарасло, пра лаўку няма чаго і згадваць.

Гратэск сітуацыі яшчэ і ў тым, што ўся гэтая тэрыторыя ад 2012 году …у прыватнай маёмасці. Фальваркавыя пабудовы, клёны і ўсё астатняе не мелі аніякага ахоўнага статусу, таму прыватная асоба (расеец, дарэчы) і выкупіла дзялянку лесу з хвойнікам над Нёмнам, а разам з ім, бонусам, кавалак гісторыі Польшчы і Беларусі. Лічы, набыў чалавек легенду ды… абнёс плотам, каб не хадзіў ніхто.

Дом Стшалкоўскіх-Каменскіх

У Багатырэвічах дагэтуль стаіць некалькі хатаў. Пані Тэрэза Багатырэвіч, мясцовая жыхарка, выходзіць да нас, калі бачыць людзей з фотаапаратамі. Пытаецца, ці мы не палякі. Спыняемся і размаўляем каля пустога мураванага будынку з лічбай «1904» на фасадзе.

Тут жылі Стшалкоўскія, сям’я, што параднілася з Каменскімі. Род спрадвечных уладальнікаў фальварка фактычна выгас: Ян Каменскі меў трох дачок і аніводнага сына.

«Тут жыў пан Клеменс Стшалкоўскі перад вайной, – распавядае пані Тэрэза, – Ён меў жонку з Варшавы і чацвёра дзяцей. Калі прыйшла вайна, нехта з іх быў у Польшчы, а нехта – тут. Дачку пана, Анну Стшалкоўскую з сынам вывозілі на Сібір, але нейкім чынам яна вярнулася. Калі тут былі немцы – Стшалкоўскія яшчэ жылі ў гэтым доме. Канчаткова з’ехалі ў Польшчу ўжо пасля вайны».

«Музей? А хто яго будзе рабіць?»

За савецкім часам у будынку быў фельдшэрскі пункт, сельсавет, пошта, нейкі час па вайне жылі перасяленцы з Расеі. Апошнія год 25 будынак пустуе і пакрысе развальваецца. Некалькі год таму, са словаў пані Тэрэзы, нашчадкі Стшалкоўскіх прыязджалі сюды, глядзелі дом і руіны фальварку. Гутарылі аб тым, як вярнуць майно, маўляў, дакументы ёсць на ўсё. Але, вядома, нічога не атрымалася.

Тлумачым, што камяніца – ідэальнае месца для музею Ажэшкі, які мог бы стаць моцным культурным і турыстычным цэнтрам для ўсёй вобласці. Гэтак у Васілішках на Шчучыншчыне, прыкладам, вельмі ўдала зрабілі атракцыю з музею Чэслава Нэмэна… У адказ пані Тэрэза адно скептычна ўсміхаецца:

«Музей зрабіць? А хто яго будзе рабіць? Усе толькі прыязджаюць ды ад’язджаюць. А я… я тут усё жыццё пражыла-перамычылася. Як выйшла замуж толькі лягчэй было. Жыву самотна зараз, на зіму да дзяцей езджу. Тут і гаспадаркі ўжо няма – нават курэй…»

«Слава Пераможаным»

ёПрыгожай алеяй, якая некалі вяла да сядзібнага дому, выязджаем на дарогу ды звяртаем налева. Перад намі вёска Міневічы. Калі праехаць яе наскрозь ды спыніцца ў сасновым бары на беразе Нёмна, поруч апынецца помнік паўстанцам 1863 году.

Гэты курган з крыжам таксама згадваецца ў Ажэшкі. Калі галоўныя героі «Над Нёмнам» тут сустракаюцца, між імі адбываецца кароткі дыялог: «Колькі іх тут было?» «Сорак». Так лічба і стала легендай, зараз ужо прапісанай не толькі ў народнай памяці, але і ў камяні, пастаўленым польскімі актывістамі на пачатку 1990-х. Магіла сарака паўстанцаў.

Вакол, зноў жа, самыя польскія сцяжкі ды сімволіка. Лампадкі, найімаверней, таксама прывезеныя з Польшчы бабцямі ў белых капелюшах ды з маленькімі серабрыстымі фотаапаратамі. На крыжы самотна лунае бел-чырвона-белая стужка. Крыху вышэй надпіс GLORIA VICTIS – «Слава пераможаным».

АК, belsat.eu

Стужка навінаў