Каля 80 чалавек выйшла ў Берасці на плошчу, каб пакарміць птушак


Берасцейцы кажуць, што прышлі на плошчу Леніна пакарміць галубоў. Але тое, што тут адбываецца, больш нагадвае маўклівыя акцыі пратэсту 2011 года.

Другую нядзелю запар берасцейцы збіраюцца на галоўнай плошчы Берасця, каб абмеркаваць праблему акумулятарнага заводу і іншыя пытанні. Людзі прыходзяць на плошчу без лозунгаў і транспарантаў, размаўляюць і кормяць птушак.

Пачаставаць птушак на плошчу прыходзяць сем’ямі. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

На мінулым тыдні ўлады падчас акцыі зарганізавалі свята МНС, але тады на акцыю ўсё роўна прыйшло каля 150 берасцейцаў. Гэтым разам нягледзячы на папярэджанне міліцыі, якое з’явілася на афіцыйным сайце берасцейскай міліцыі, на плошчу Леніна прыйшло каля 80 чалавек. Пакуль гэтыя сустрэчы цяжка назваць шматлюднымі, але людзі выказваюць надзею, што яны пераўтворацца у сапраўдны пратэст. Некаторыя праціўнікі будоўлі заводу выступаюць супраць такіх акцыяў і называюць іх правакацыяй.

Гэтым разам пакарміць галубоў сабралася каля 80 чалавек. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

Першым пра намер выйсці на плошчу, калі ўлады не спыняць будоўлю акумулятарнага заводу, заявіў актывіст АГП Аляксандр Кабанаў. Яго падтрымаў блогер Сяргей Пятрухін. Абодва пазней атрымалі пракурорскія папярэджанні, потым іх затрымала міліцыя, яны правялі мінулыя выходныя ў ізалятары, а пасля атрымалі штрафы па 50 базавых велічынь кожны.

Актывіст Аляксандр Кабанаў (на пярэднім плане злева) лічыць, што карміць птушак на плошчы закон не забараняе, але на мінулым тыдні за запрашэнне карміць галубоў суд прысудзіў яму штраф 50 базавых велічынь. Фота – Мілана Харытонава/Белсат

Аляксандр Кабанаў заявіў Белсату, што не называў б тое, што адбываецца на плошчы, акцыяй:

«Няма ніякай акцыі – гэта ўлады называюць нашы дзеянні акцыяй. На самай справе мы свабодныя людзі і можам прыйсці ў любое месца ў нашай краіне і абмяркоўваць праблемы ці карміць птушак. Мы маем на гэта права».

ЦЛ

Стужка навінаў