Берасцейцы – уладам: «Калі да канца тыдня вы не спыніце будоўлю заводу, мы выйдзем на плошчу»


На Берасцейшчыне абласныя і гарадскія ўлады не звяртаюць увагі на патрабаванне людзей спыніць будоўлю акумулятарнага заводу недалёка ад гораду. Нягледзячы на ​​тое, што сабрана 36 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу, улады на звароты грамадзянаў адказваюць адпіскамі.

Жыхары гораду і бліжэйшых тэрыторый апасаюцца патэнцыйна небяспечных выкідаў, а ўлады не бачаць у гэтым праблемы, і адказваюць берасцейцам, што завод будзе пабудаваны.

Цяпер незадаволеныя берасцейцы абмяркоўваюць магчымасць перайсці да вулічных пратэстаў, у тым выпадку, калі ўлады не спыняць будоўлю. У прыватнасці пра намер выйсці на плошчу заявіў актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў.

«Я высоўваю ўльтыматум уладзе: калі праз тыдзень будоўля заводу не спыніцца, то я выйду на плошчу. Буду ў мегафон распавядаць людзям пра шкоду завода. Пра тое, што будаўніцтва трэба спыніць. І што такія формы пратэсту будуць праходзіць кожную нядзелю», – распавёў ён belsat.eu.

Падобны варыянт развіцця падзей падтрымліваюць шматлікія берасцейцы – пра гэта belsat.eu заявіў праваабаронца Раман Кісляк.

«Лічу, што ўлады давялі людзей да такога пратэсту. Больш за тое, намер выйсці на плошчу – гэта яшчэ лёгкі варыянт. Многія людзі, з якімі я размаўляў, якія там жывуць, гатовыя наогул перакрываць гэтую будоўлю. Людзі ўбачылі як да іх ставяцца, убачылі адказы ўладаў і ўжо не вераць у прававыя механізмы. Таму падобнае і адбываецца».

Берасцейцы супраць заводу. Сюжэт «Аб’ектыву» за 6 снежня

ЦЛ, belsat.eu

Стужка навінаў