Каго судзіў застрэлены суддзя Ракіцкі?


Следчы камітэт паведамляе, што суддзя Вярхоўнага Суда Віктар Ракіцкі загінуў на паляванні ад агнястрэльнага ранення.

Віктар Ракіцкі 27 снежня паляваў у Менскай вобласці і памёр на месцы. Распачата крымінальная справа. Папярэдняе расследаванне вядзе галоўнае следчае ўпраўленне цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Віктар Ракіцкі працаваў у Вярхоўным Судзе з 2004 года, меў першы кваліфікацыйны клас суддзі. У 2013-м Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў яго медалём «За працоўныя заслугі».

У 2006 годзе Віктар Ракіцкі судзіў двух вядомых людзей: кіраўніка парламенцкай групы «Рэспубліка» Сяргея Скрабца  і генеральнага дырэктара «Нафтана» Канстанціна Часнавіцкага. Сяргея Скрабца Вярхоўны Суд прызнаў вінаватым у выманьванні пры дапамозе дэпутацкага аўтарытэту ад дзяржавы крэдыту для дзвюх фірмаў, хоць на момант атрымання грошай ён ужо не працаваў. У той жа час суд скасаваў абвінавачанні ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці (мінуў тэрмін даўніны) і падрыхтоўцы да дачы хабару (палічыў недаказаным). У выніку Скрабец атрымаў два з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму.

Экс-кіраўнік «Нафтана» Канстанцін Часнавіцкі (разам з двума топ-менеджарамі прадпрыемства) быў прызнаны вінаватым ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і атрыманні прыбытку ў асабліва буйным памеры. Вярхоўны суд скасаваў частку абвінавачанняў і пакараў яго чатырма гадамі пазбаўлення волі, а ў 2008-м яго выпусцілі ўмоўна-датэрмінова.

Віктар Ракіцкі нарадзіўся ў вёсцы Бакінава (Дзяржынскі раён Менскай вобласці) у 1962 годзе. Пасля заканчэння БДУ працаваў у Крупскім раённым судзе, які ўзначаліў у 1991 годзе. Праз два гады перайшоў на такую ж пасаду ва Уздзенскім раёне. А з 2001-га працаваў у Менскім абласным судзе.

АК, belsat.eu

 

Стужка навінаў