Інфармацыйная вайна вакол нас. Ці існуе праўда і аб’ектыўнасць?


Гарачая дыскусія ў праграме «Чорным па белым» паміж кіраўніком аддзелу інфармацыі «Белсату» Аляксеем Дзікавіцкім і дацэнтам МГІМО Кірылам Коктышам.

Праўда ўмовах вайны – ці яна існуе? Ці выпадае казаць пра неабходнасць аб’ектыўнасці журналістаў у часе інфармацыйных і рэальных войнаў?

Кірыл Коктыш: Праўда гэта тое, пра што дамовіліся кіроўныя эліты. Праўда на сёння – гэта перадусім метафара.

Аляксей Дзікавіцкі: Сённяшні канфлікт паміж Расеяй і Украінай паказаў, што ніякай сіла не ўплывае так, як тэлебачанне.

Кірыл Коктыш: Аўдыторыя тэлебачання ў Расеі – хатняя гаспадыня. Да таго ж чалавек створаны так, што будзе шукаць папросту пацверджанне сваіх словаў і меркаванняў. Ён не будзе глядзець на альтэрнатыву. Але ў палітыцы разбірацца дастаткова 12 % грамадства.

Такога панятку як аб’ектыўнасць не існуе. І я не ведаю, чым рэлігія дэмакратыі лепей за любую іншую рэлігію. Бо гэта менавіта рэлігія. Бо ў яе вераць. Я магу прывесці 16 канцэптаў дэмакратыі, якія супярэчаць адзін аднаму.

Валярына Кустава: Журналісты, што працуюць у зоне АТО, як у прыватнасці і наш калега, што быў госцем мінулай праграмы «Урокі Украіны», сцвярджаў, што праўды і аб’ектыўнасці ва ўмовах вайны, сапраўды, не існуе.

Аляксей Дзікавіцкі: Разумееце, калі я журналіст робіць матэрыял, ён ужо загадзя ведае, што хто прыкладна з экспертаў скажа. І калі апавец б’е дзяўчыну на Пляцы Незалежнасці ў Менску, а ў яе ляціць кроў, я ж не буду ў амапаўца пытацца пра ягоную пазіцыю, або не даваць матэрыял, бо яго не пракаментаваў амапавец. Ці я павінен яму пасунуць мікрафон і ўдакладніць пазіцыю? Гэта што, такая аб’ектыўнасць павінна быць? Не! Што датычна ўмоваў вайны, то мы, як рэдакцыя інфармацыі, стараліся мець яе мага болей крыніцаў. І гэта ацанілі ўкраінскія гледачы. І пісалі нам тысячы паведамленняў…

«Расея – не бок канфлікту»

Кірыл Коктыш: Але Расея не бок канфлікту, Расея – зацікаўлены бок, як і Беларусь…

Аляксей Дзікавіцкі: Як Расея – не бок канфлікту? А хто бок канфлікту – Кітай?

Кірыл Коктыш: АБСЕ не зафіксавала прысутнасць штатных добраахвотнікаў…

Аляксей Дзікавіцкі: Гэта людзі, якіх звольнілі з войска, а праз два тыдні за грошы выставілі…

Кірыл Коктыш: …Супрацьстаянне ідзе за грошы. ЗША выкарысталі Украіну, каб пераключыць на сябе таваразварот ЕўраЗвязу з Расіяй, а гэта $ 450 мільярдаў.

Аляксей Дзікавіцкі: Колькі б у Вас грошай ні было, Вы не збераце мільён чалавек, каб яны стаялі на вуліцы.

Палітычны цынізм і палітвязні

Валярына Кустава: Спадар Кірыл, ведаеце, што мяне бянтэжыць? Вы дацэнт МГІМО, вы па сутнасці вучыце тых людзей, якія будуць кіраваць Расеяй. І Вы – беларус. І Вы ведаеце пра пагрозу з боку Расіі. І Вы так спакойненька зверху, аналізуючы сітуацыю, дзе гінулі і ўкраінцы, і беларусы разважаеце катэгорыямі сфераў уплыву, маўляў, так дзейнічаюць гэтыя тэхналогіі. Вам, прынамсі, эмацыйна камфортна ў дадзенай сітуацыі?

Кірыл Коктыш: Як доктару, да якога Вы прыходзіце, ён не сюсюкаецца

Валярына Кустава: Ён прафесіянал. Але Вы маеце той уплыў і той уплыў, якім можаце падзяліцца з людзьмі, якія будуць кіраваць гэтай краінай, якая ўплывае на Беларусь…

Кірыл Коктыш: Калі глядзець з пункту гледжання палітычнага цынізму, то для Беларусі гэта ёсць выгоднай казырнай картаю. Для Беларусі патэнцыйна вызваліўся рынак, які можна займаць прамысловай прадукцыяй.

Валярына Кустава: Вам важна цяпер прамысловая прадукцыя ці захаванне незалежнасці потым?

Кірыл Коктыш: Незалежнасць базуецца на эканоміцы. (…) З іншага боку, цяпер абясцэненая каштоўнасць дэмакратыі – і Захад пачаў размаўляць з Лукашэнкам…

Юля Рымашэўская: Калі Вы глядзіце зверху, то як Вы бачыце казырную карту Беларусі ў будучыні?

Кірыл Коктыш: Атрымалася цалкам добрая гульня, якая Менскам, да слова, цалкам не выкарыстаная. Бо першае – вызваліўся рынак і з’явіліся магчымасці развіваць прамысловасць і будаваць незалежнасць на трывалай эканоміцы. З другога боку – супярэчлівае выкарыстанне каштоўнасцяў дэмакратыі гэтыя каштоўнасці абясцэніла і Захад пачаў размаўляць з Лукашэнкам.

Валярына Кустава: То бок, паводле Вашай пазіцыі – вайна ва Украіне выгадная Беларусі?

Кірыл Коктыш:…Слабасць Вашага контрагента значыць толькі тое, што з гэтым контрагентам Вы дамовіцеся на больш выгадных умовах для Вас. Трэба памятаць – асабістае на палітыку не пераносіцца.

Аляксей Дзікавіцкі: Вы казалі пра цынізм. Гэта і быў цынізм – што еўрапейскія лідары прыехалі на перамовы ў Менск. Для мяне відавочна, што гэта не стратэгічны талент Лукашэнкі – а проста дазвол Пуціна. Але мяне бянтэжыць іншае: чаму еўрапейскія перамоўцы нават не агучылі пытанне палітвязняў. Чаму ў Бруселі, Парыжы, Берліне нікому не прыйшло гэта да галавы? Для яго былі такія важныя гэтыя перамовы – што ён бы пайшоў на вызваленне. Вось у гэтым цынізм.

«Белсат» і вайна

Валярына Кустава: Вы можаце як аналітык, збоку ацаніць эфекты ад унёску «Белсату» у інфармацыйную вайну?

Кірыл Коктыш: Чым больш пунктаў гледжання – тым лепей, тым большы шанец выпрацаваць спецыфічна беларускі інтарэс. Трэба мець пэўны плюралізм – і «Белсат» яго прадэманстраваў.

Аляксей Дзікавіцкі: Многія з украінцаў, што нам пісалі і нас глядзелі, дзівіліся і дзякавалі Лукашэнку – маўляў, мы думалі ў Вас свабоды слова няма, аказваецца, Вы вяшчаеце – і асвятляеце ўсе пункты гледжання. Зусім нельга выключыць таго, што менавіта і таму перамовы адбыліся ў Менску.

Юлія Рымашэўская: А ці не лічыце Вы, што варта ўвогуле адключыць расейскія каналы?

Аляксей Дзікавіцкі: Я лічу, што трэба рабіць свой, як мага больш якасны прадукт – і тады нічога не давядзецца выключаць. Але мы павінны ўлічыць і разумець, што прадаваць цела за грошы – грэх, а рабіць тэлебачанне без грошай – гэта смяротны грэх, як казаў адзін амерыканскі тэлевізійны прадусар. Трэба рабіць свой прафесійны нармальны прадукт.

Кірыл Коктыш: Прамыць мазгі магчыма толькі тыя – дзе мала звілінаў. Дык вось, чым больш звілінаў ды інфармацыі – тым больш умення працаваць і разабрацца з інфармацыяй. (…) Добра, што беларусы дбаюць пра Украіну, Расею, але перадусім беларусы павінны дбаць пра Беларусь. Рэфлексаваць і рэалізоўваць беларускія інтарэсы.

Хісткая «каштоўнасць»

Аляксей Дзікавіцкі: Якая галоўная каштоўнасць беларускай улады, апроч Вялікай айчыннай вайны, на якой яна будуе інтарэсы Беларусі?

Кірыл Коктыш: Гэтая каштоўнасць – балансаванне паміж Захадам і Усходам.

Аляксей Дзікавіцкі: Хісткая каштоўнасць.

Кірыл Коктыш: У гэтым ёсць надзея. Бо цяпер палярызацыя сталася небяспечнай.

Эксперты выдання – журналіст, рэжысёр Уладзімір Громаў (Кіеў) і галоўны рэдактар выдання «Белорусский журнал» Андрэй Аляксандраў.

Глядзіце ў XVIII выпуску III cезона «Чорным па белым» на «Белсаце»

Глядзі таксама
Каментары