Хочаш «Дажынкі»? Папрацуй бясплатна!


… а не хочаш – усё роўна працуй. На Магілёўшчыне змушаюць людзей «у добраахвотным парадку» выйсці на працу і пералічыць грошы райвыканкаму на арганізацыю «Дажынак».

Круглянскі райвыканкам назваў акцыю «Днём безаплатнай працы на працоўных месцах». Як паведамляе мясцовая газета, працаваць бясплатна трэба для прыцягнення грашовых сродкаў для выканання работ па добраўпарадкаванні г. п. Круглае і ў сувязі з правядзеннем абласнога фестываля-кірмаша працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2015», «па прапанове працоўных калектываў».

Круглянскі райвыканкам рэкамендуе арганізацыям, прадпрыемствам і ўстановам да 10 сакавіка 2015 года пералічыць грашовыя сродкі, заробленыя ў Дзень безаплатнай працы на працоўных месцах, «у добраахвотным парадку на пазабюджэтны рахунак Круглянскага раённага выканаўчага камітэта, у межах сум, згодна дадатку».

Паводле рашэння Магілёўскага аблвыканкаму, абласныя «Дажынкі» у 2015 годзе пройдуць восенню ў гарадскім пасёлку Круглае. У межах падрыхтоўкі да «фестывалю» у раёне ўжо пачаліся працы па навядзенні парадку на зямлі – высякаецца кустоўе і хмызняк паабапал дарог, разбураюцца закінутыя хаты ў вёсках, выразаюцца дрэвы ў гарадскім парку.

Грошаў на правядзенне «фестывалю» у мясцовым бюджэце не хапае, таму круглянскія чыноўнікі пастанавілі вырашыць свае праблемы за кошт простых працаўнікоў раёна.

Мясцовыя жыхары вельмі адмоўна ставяцца да ініцыятывы ўладаў аб правядзенні «дня безаплатнай працы», аднак нейкім чынам выказваць сваё незадавальненне не рызыкуюць, бо баяцца згубіць з-за гэтага працу, – паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Між тым знайсці нейкае новае працоўнае месца ў Круглянскім раёне вельмі цяжка – па афіцыйных дадзеных, «эканамічна неактыўнае насельніцтва з ліку людзей працаздольнага ўзросту» па стане на восень 2014 г. складае каля 1859 чалавек. Працоўныя вымушаны цярпець своеасаблівы «рэкет» з боку мясцовых чыноўнікаў і выконваць за кошт сумленна заробленых уласных грошай іх загады.

У Круглянскім раёне за апошнія гады перасталі працаваць льнозавод, маслазавод, хлебзавод, райспажыўсаюз, сельгасхімія, Ракушыцкая птушкафабрыка, цагляны завод, Круглянская школа-інтэрнат, рэарганізавана шэраг калгасаў і саўгасаў. Фактычна адзінае прадпрыемства ў райцэнтры, якое стабільна працуе – гэта мясцовае будаўнічае ПМК -266. Аднак і там працаўнікі скардзяцца, што апошнім часам значна знізіліся заробкі.

МЛ, паводле spring96.org

Стужка навінаў