Хакейны суддзя схапіў за горла суперніка Колі Лукашэнкі

video

Сёлета на дзіцячы аматарскі турнір па хакеі заявілі сына кіраўніка краіны, яго супернікам даводзіцца несалодка.

Менская «Чыжоўка-Арэна» прымае XVIII гарадскія спаборніцтвы ў малодшай узроставай групе (2003-2005 гадоў нараджэння). За права выхаду ў фінал «Залатой шайбы» змагаюцца 18 камандаў – па дзве з кожнага раёну Менску. За каманду Цэнтральнага раёну выступае малодшы сын кіраўніка краіны Коля Лукашэнка. У якасці гульнявога нумару ён абараў сабе «1» – як і бацька, Аляксандр Лукашэнка.

Падчас гульні 19 лютага паміж камандамі Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў адбыўся неадназначны выпадак.

Пасля сустрэчы, што скончылася перамогай каманды Цэнтральнага раёну (за яе выступае Коля Лукашэнка), хлопцы сутыкнуліся ў бойцы. Суддзя схапіў аднаго з гульцоў каманды Маскоўскага раёну за горла.

Арбітр паступіў даволі груба, калі ўлічыць узрост хакеістаў, а таксама тое, што хакей прадугледжвае жорсткае супрацьстаянне.

Відэа сцэны патрапіла ў рэдакцыю «Беларускай праўды» ад аднаго з відавочцаў.

Выданне сцвярджае, што за каманду сына кіраўніка Беларусі выступаюць адразу тры пяцёркі выхаванцаў СДЮШАР пры ХК «Дынама» (Менск) – то бок будучыя прафесійныя хакеісты. У той час турнір «Залатая шайба» мае аматарскі статус. Яго арганізатарамі зʼяўляюцца Прэзідэнцкі спартовы клуб, Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, БРСМ, Федэрацыя хакею Беларусі, Беларускі фонд сацыяльнай падтрымкі дзяцей і падлеткаў «Мы – дзецям», дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі «Залатая шайба».

Пераможца гарадскога турніру, які прадставіць сталіцу на рэспубліканскіх спаборніцтвах, стане вядомы 23 лютага.

НМ, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары