Грамадскія дзеячы заклікалі прызнаць палітвязнямі фігурантаў «справы патрыётаў»


Грамадзянская супольнасць заклікае прызнаць затрыманых у гэтак званай справе патрыётаў палітычнымі зняволенымі. Сярод падпісантаў адпаведнага звароту палітыкі Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў і Мікола Статкевіч.

Адзін з заснавальнікаў арганізацыі «Белы легіён», Сяргей Бульба, распавёў дэпутатам украінскага парламенту, як ідзе следства ў «справе патрыётаў». Пры гэтым, паводле Бульбы, агулам зацікаўленасць да беларускіх справаў ува Украіне даволі нізкая.

«Ва Украіне неадназначнае стаўленне да беларусаў і яно вельмі пагаршаецца, калі раней беларусаў 3 гады таму лічылі сапраўднымі братамі, то цяпер нават патрыёты ўкраінскія махнулі на Беларусь рукой, у тым сэнсе, што гэта правінцыя Расеі, нічога тут не зменіш», – распавядае Сяргей.

Фігурантам працягнулі тэрміны перабывання ў СІЗА

Цяпер у сталічных следчых ізалятарах утрымліваюцца 16 асобаў. Напярэдадні Дня Волі сілавікі затрымалі 35 чалавек. Частцы асобаў былі выстаўленыя абвінавачанні ў рыхтаванні масавых закалотаў, колішнім сябрам «Белага легіёну» дадалі яшчэ і артыкул «стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання».

Афіцыйных заяваў у «справе патрыётаў» следчыя органы не рабілі з моманту затрымання. Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з просьбаю праверыць інфармацыю пра катаванні фігурантаў «справы патрыётаў».

ГВ, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары