Андрэй Мялешка абураны ўжо другім паклёпніцкім артыкулам у свой адрас.
Заяву Мялешка аднёс у Кастрычніцкі РАУС Горадні, бо ўбачыў у матэрыялах сайту «Stop opp» наклёп на сябе і чальцоў сваёй сям’і. Артыкул 9.2 Адміністратыўнага Кодэксу за наклёп прадугледжвае штраф да 30 базавых велічыняў. У выпадку ж публічнага рэзанансу, са словаў міліцыянтаў, справа можа быць кваліфікавана і паводле Крымінальнага Кодэксу.
Сайт «Stop opp» ужо не першы год бэсціць заходніх палітыкаў, апазіцыянераў, а зараз яшчэ і незалежных журналістаў. Нягледзячы на пафас і гучную назву, пра наведвальнасць рэсурсу сведчыць, напрыклад, колькасць падпісантаў суполкі «Укантакце», створанай пад парасонам сайту, – ажно два чалавекі…
Тым не менш, абразы ананімных аўтараў зачапілі жыхара Гродна:
«Усе падобныя сайты ствараюць псіхалагічны ціск на журналіста, – упэўнены Андрэй, – не так нават на мяне, колькі на сям’ю і калег-журналістаў. Я не ведаю, хто канкрэтна за гэтым стаіць, спадзяюся, што падкажа міліцыя».
Нагадаем, што Мялешка у мінулым годзе быў тройчы аштрафаваны за «працу з замежнымі СМІ без акрэдытацыі» (арт.22.9 АК РБ). У гэтым годзе па гэтым жа артыкуле журналіста выклікалі ў міліцыю.
АК, belsat.eu