ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне выхадцаў з Сярэдняй Азіі, якія рыхтавалі тэракты ў Санкт-Пецярбургу


ФСБ Расеі паведаміла пра затрыманне сямі выхадцаў з Сярэдняй Азіі, якія падазраюцца ў падрыхтоўцы тэрактаў у Санкт-Пецярбургу, перадае «Інтэрфакс».

Паводле інфармацыі спецслужбы, атакі планаваліся «на чыгуначным транспарце і ў месцах масавага скаплення людзей». У ФСБ адзначылі, што на дадзены момант праводзяцца следча-аператыўныя мерапрыемствы, асобы затрыманых не разгалошваюцца ў інтарэсах следства.

3 красавіка 2017 года ў вагоне метро ў Санкт-Пецярбургу адбыўся выбух, зладжаны, паводле версіі следства, тэрарыстам-смяротнікам. У выніку загінулі 15 чалавек, не ўлічваючы злачынца, амаль 90 чалавек атрымалі раненні.

Следства лічыць, што бомбу прывёў у дзеянне смяротнік, выхадзец з Кіргізіі Акбаржон Джалілаў. У гэтай справе ў Маскве і Пецярбургу былі затрыманы дзесяць асобаў, усе яны паходзяць з краін Сярэдняй Азіі.

Пасля тэракту праваахоўнікі прызналі метро Санкт-Пецярбурга небяспечным і запатрабавалі ўзмацніць меры кантролю. У ліпені кіраўніцтва метрапалітэна ўвяло на чатырох станцыях з параўнальна невялікай загружанасцю надгляд пасажыраў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў