Форум прадпрымальнікаў можа прайсці 3 кастрычніка

video

Старшыня арганізацыі «Перспектыва» Анатоль Шумчанка паведаміў пра намер правесці чарговы форум прадпрымальнікаў 3 кастрычніка ў сталічным Доме Масквы.

Форум будзе прысвечаны перспектыве працы прадстаўнікоў малога бізнесу ва ўмовах, што склаліся ў Беларусі, а таксама падвядзенню прамежкавых вынікаў працы індывідуальных прадпрымальнікаў у 2016 годзе.

Яшчэ адной прычынай, з-за якой трэба правесці гэтае мерапрыемства, лідар «Перспектывы» назваў неабходнасць даць прадпрымальнікам спакойна працягваць працу. Ён нагадаў, што папярэдні форум адбыўся ў сярэдзіне чэрвеня, і пасля яго ў прадпрымальнікаў было некалькі месяцаў, на працягу якіх яны адносна спакойна працавалі, без праверак з боку кантрольна-наглядных органаў.

Перыяд гэтай цішыні парушылі прадстаўнікі падатковых органаў. 6 верасня падаткавікі зладзілі праверку суправаджальных дакументаў у ІП, што гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці на Паўднёвым рынку ў Горадні. У адказ на гэта прадпрымальнікі зачынілі свае гандлёвыя кропкі і не працавалі да канца дня.

З пачатку гэтага года дзейнічае ўказ прэзідэнта № 222 аб прадпрымальніцкай дзейнасці. З-за яго складаных патрабаванняў першыя некалькі месяцаў праца ІП была фактычна паралізаваная. Цяпер прадпрымальнікі могуць гандляваць толькі тымі таварамі з краін Мытнага саюзу, на якія ў іх ёсць суправаджальныя дакументы.

ДР belsat.eu, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары