ЕЗ выкрасліў з «чорнага спісу» 24 беларускіх чыноўнікаў. У тым ліку 11 суддзяў, што садзілі за Плошчу-2010


Рада ЕЗ выключыла 24 грамадзянаў Беларусі са спісу асобаў, на якіх накладваюцца санкцыі.

«Рада мяркуе, што 24 чыноўнікі павінны быць выдаленыя са спісу асобаў і арганізацый, што падпадаюць пад абмежавальныя меры», – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага часопісу Еўразвязу.

Сярод іншых са спісу выключаныя:

  • Наталля Пяткевіч – былая памочнік прэзідэнта Беларусі
  • Леанід Мальцаў – старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту
  • Генадзь Нявыглас – былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта
  • Анатоль Рубінаў – былы старшыня Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу
  • Яўген Полудзень – былы намеснік міністра ўнутраных спраў
  • Уладзімір Палуян – міністр па падатках і зборах
  • Аляксей Васільеў – першы намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці
  • Юрый Пракопаў – былы вядучы тэлеканала «Беларусь 1»
  • Сяргей Абламейка – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту
  • Тамара Алпеева – рэктар Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытуту
  • Генадзь Падгайскі – дырэктар Мінскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжу
  • Міхаіл Батура – рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі

ЕЗ выключыў з «чорнага спісу» суддзяў, якія садзілі за Плошчу-2010

«Ну і добра! Малайцы! Значыць, крыху паразумнелі ў Еўропе», – пракаментаваў nn.by рашэнне ЕЗ экс-сакратар Рады бяспекі Генадзь Нявыглас, з якога таксама знялі візавыя абмежаванні.

З «чорнага спісу» ЕЗ выкрасленыя суддзі Андрэй Бараноўскі, Алена Ананіч, Вольга Гусакова, Мікалай Балаўнёв, Алена Чарняк, Жанна Дубініна, Наталля Кузняцова, Алена Лапцева, Лідзія Цяліца, Наталля Варэнік, Валянціна Зянькевіч.

Усе яны значацца ў спісах суддзяў, якія разглядалі адміністрацыйныя справы супраць удзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня 2010 г., калі міліцыя жорстка разагнала акцыю пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Тады каля будынку парламенту былі затрыманыя больш за паўтысячы чалавек.

«Беларускі бок лічыць прынятае Радай ЕЗ 31 ліпеня 2015 рашэнне аб чарговым скарачэнні санкцыйных спісаў крокам у правільным кірунку, хоць і недастатковым», – гаворыцца ў заяве беларускага МЗС.

Раней паведамлялася, што Рада Еўразвязу працягнула тэрмін дзеяння санкцый супраць Беларусі да 31 кастрычніка 2015 года. Тое рашэнне было матываванае тым, «што не ўсе палітычныя зняволеныя былі вызваленыя і рэабілітаваныя, а таксама тым, што выкананне правоў чалавека, прынцыпаў прававой дзяржавы і дэмакратычнага грамадства не палепшылася ў Беларусі».

НМ, ЮВ, belsat.eu, паводле Interfax.ru.

Стужка навінаў