Еўразвяз адмяніў квоты на вытворчасць малака


Цэлая эпоха ў сельскай гаспадарцы Еўразвязу скончылася: пасля 30-ці гадоў існавання адмянілі квоту на выпрацоўванне малака. Цяпер буйныя вытворцы малака могуць разгарнуцца напоўніцу, а дробныя, магчыма, не вытрымаюць такой канкурэнцыі. Да таго ж «Грынпіс» папярэджвае еўрапейцаў пра небяспеку больш таннага, але менш якаснага малака.

Як адабецца адмена малочнай квоты на сельскай гаспадарцы краінаў Еўразвязу і, магчыма, на іншых тэрыторыях – з гэтым пытаннем «Белсат» звярнуўся да нямецкага эксперта ў аграрнай палітыцы Б’ёрна Бёргермана з Асацыяцыі малочнай прамысловасці Нямеччыны.

«Белсат»: Дык чаму ўсё-ткі ўвялі гэтую квоту 30 гадоў таму?

Бёргерман: Малочную квоту тады ўвялі, бо ў краінах Еўразвязу былі лішкі малочнага парашку і масла. А тагачасная палітыка была разлічаная на тое, што ўсе малочныя вырабы, любая іх колькасць, будуць спажытыя ў самім Еўразвязе. Існавала гарантыя на тое, што прадукт выкупяць. З дапамогаю розных інструментаў адбывалася вывядзенне на рынак і збыт. Вось прычына таго, што Еўразвяз увёў у той час малочную квоту. Трыццаць гадоў таму гэта было слушнае дзеянне. Але, магчыма, толькі таму, што не было лепшых інструментаў рэгулявання рынку.

«Белсат»: Цяпер гэтай праблемы не існуе, яе развязалі?

Бёргерман: Менавіта. Малочныя рэкі ды горы сметанковага масла як бы распусціліся. Аграрная палітыка змянілася, сітуацыя на рынку стала іншая, асабліва сітуацыя з экспартнымі рынкамі цяпер іншая. Таму больш непатрэбна захоўваць малочную квоту. Пагатоў з самага пачатку малочную квоту ўводзілі на кароткі час, прынамсі, гэтак планавалі. Але потым яе дзеянне ўсё працягвалі ды працягвалі. У 2013 годзе, аднак, пастанавілі адмяніць – з 2015 года. Рашэнне прынялі загадзя, таму ўсе ўдзельнікі працэсу мелі час падрыхтавацца да зменаў.

«Белсат»: Хто выйграе ў гэтай сітуацыі больш: буйныя ці дробныя дастаўцы малака?

Бёргерман: Калі мы вывучаем эфект ад малочнай квоты, то бачым, што шмат якія мэты проста не былі дасягнутыя. Колькасць фермераў змянілася. Сёння іх нашмат меней, чым раней. Кожны год колькасць фермераў стабільна памяншаецца, на 3–5 %. Малочная квота таксама не прывяла да стабільных нізкіх коштаў, як усе спадзяваліся. Таму можна сцвярджаць, што два галоўныя аргументы за квоту не вытрымалі крытыкі ды больш не гучаць пераканаўча. Агулам вынікі рэформы датычаць як вялікіх, гэтак і малых фермаў. Але натуральна, што структурныя змены прывядуць да таго, што колькасць вялікіх вытворцаў павялічыцца, а шмат якія малыя будуць вымушаныя зачыніцца.

«Белсат»: Што значыць новая сітуацыя ў аграрнай палітыцы для спажыўцоў, як гэта адабецца на іх?

Бёргерман: Мы мяркуем, што адмена малочнай квоты ніяк асабліва заўважна не адабецца на спажыўцы. Перш за ўсё таму, што кошты на малако апошнія гады і так вагаліся: то раслі, то трымаліся на невысокім узроўні. Гэтак і будзе надалей, хутчэй за ўсё. Кошты на малако, якія мы ўрэшце бачым для спажыўца, – збольшага гульня попыту і прапановы. Гэта датычыць як нацыянальных рынкаў, напрыклад, нямецкага, нямецкага раздробнага гандлю, гэтак асабліва, вядома, і інтэрнацыянальных рынкаў. Калі паглядзець на экспарт, які для Нямеччыны вельмі важны, то мы пабачым, што для нас вялікую ролю грае, колькі вырабляецца малака ў іншых краінах, напрыклад, у Новай Зеландыі, ЗША ці яшчэ дзе. Важна, колькі там надойваюць ды як размяркоўваюцца плыні попыту і прапановы. А наконт іншых крытычных момантаў, дык некаторыя мяркуюць, што якасць малака стане горшая. Але рэч у тым, што ў нас у аграрнай сістэме вельмі высокія стандарты, і ад адмены квоты яны не змяніліся. То бок змены не закрануць якасці жывёлагадоўлі ці санэпідэмічных патрабаванняў. У нас і так колькасць кароў вырасла за апошнія гады з прычыны добрых коштаў на малако, мы гатовыя да такіх зменаў. Наадварот, дзякуючы такому развіццю метады жывёлагадоўлі ўдасканальваюцца, стан кожнай асобнай жывёліны лепш кантралюецца, таму чакаць, што раптам становішча кароў пагоршыцца, няма прычынаў.

Жанна Кромер, «Белсат», Берлін

Глядзі таксама
Каментары