Эксперт: брытанцы ўклалі гэтак шмат у нафтавы сектар Расеі, што не могуць проста сысці


У той час як «Эксн Мобл», найбуйнейшая нафтавая кампанія ЗША заявіла пра тое, што не будзе нарошчваць абʼёмы здабычы нафты ў Расеі, брытанская кампанія «Брытыш Пэтроўлеум» заявіла пра тое, што гатовая інвеставаць у Расею, нягледзячы ні на якія эмбарга. «Брытыш Пэтроўлеум» мае 20 адсоткаў акцый Раснафты.

Чаму брытанскі бізнес гатовы забыцца пра палітыку, калі справа датычыцца Расеі? Справу каментуе аўтар журналісцкіх расследаванняў Том Бергін.

Расейская прысутнасць у Сірыі і экспарт расейскага газу і нафты ў Еўропу. Як больш жорсткія санкцыі ў дачыненні Масквы закрануць інтарэсы «Брытыш Пэтроўлеум»?

Санкцыі ЗША непакояць «Брытыш Пэтроўлеум» збольшага таму, што галоўны выканаўчы дырэктар «Брытыш Пэтроўлеум» амерыканец. І ў мінулым мы ўжо бачылі, калі ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні Ірану, выканаўчы дырэктар «Шэл», таксама амерыканец, вымушаны быў пакінуць памяшканне, калі іранская тэма абмяркоўвалася. На гэты момант Расея настолькі значны партнёр «Брытыш Пэтроўлеум», што амерыканца Боба Дадлі, выканаўчага дырэктара «Брытыш Пэтроўлеум», у абмеркаванні нафтавых справаў з Расеяй спыняе толькі закон, што значна перашкаджае вядзенню бізнесу ў гэтай галіне.

Усё, што адбываецца ў дачыненні Сірыі, істотна. Відавочна, што мы не ведаем, якія сілы могуць быць прыведзеныя ў рух гэтымі санкцыямі, аднак удзел інвестара ў расейскіх справах гэткі значны, такія сумы ўдзельнічаюць, што толькі час пакажа, што адбываецца насамрэч і які будзе вынік.

Ёсць шмат прычынаў таго, чаму «Брытыш Пэтроўлеум» і любая іншая заходняя кампанія, магчыма, адчувае, што лепш бы не было санкцыяў супраць Расеі.

Калі «Брытыш Пэтроўлеум» перагледзіць супрацу з Расеяй?

Санкцыі супраць Расеі не адпужваюць заходнія нафтавыя кампаніі, якія цікавяцца Расеяй, але, вядома, гэта робіць іх дзейнасць у Расеі больш складанай.

Прысутнасць «Брытыш Пэтроўлеум» – самая моцная ў Расеі. Яна мае вельмі вялікую долю ў «Раснафты» – найбуйнейшай нафтавай кампаніі Расеі. Яе дзейнасць закранулі санкцыі.

Напрыклад, падзенне рубля адначасова абваліла акцыі «Брытыш Пэтроўлеум» і знізіла рэнтабельнасці «Раснафты». Калі санкцыі закранаюць амбіцыі «Брытыш Пэтроўлеум» і іншых заходніх кампаніяў у Расеі, якія хочуць пашырыць там здабычу нафты, то бізнесоўцы робяць усё магчымае, каб гэтыя санкцыі было цяжэй рэалізаваць.

Чаму «Брытыш Пэтроўлеум» не зацікаўленая ў разрыве дачыненняў з Расеяй?

«Брытыш Пэтроўлеум» належыць 20 адсоткаў найбуйнейшай расейскай нафтавай кампаніі. Яе фінансавая паспяховая будучыня і прыбыткі вельмі шчыльна звязаныя са станам «Раснафты» і расейскага нафтавага сектару.

І вось, калі ў «Раснафты» прыбытак ідзе ўніз у доларавым эквіваленце, у «Брытыш Пэтроўлеум» прыбытак ідзе ўніз. Мы толькі што бачылі гэта ў першым квартале 2017 года. Гэта робіць больш цяжкім жыццё для «Брытыш Пэтроўлеум», складана нарасціць прыбытак.

«Брытыш Пэтроўлеум» надзвычай зацікаўленая ў Расеі, як і іншыя буйныя еўрапейскія нафтавыя кампаніі, якія хацелі б мець доступ да некаторых нявывучаных нафтавых рэсурсаў у Расеі ва Усходняй Сібіры і ў Арктыцы. «Брытыш Пэтроўлеум» цягне да іх свае рукі, аднак гэта становіцца складаней з-за санкцыяў.

«Сургутнафтагаз» мае прыбыткі большыя, чым «ЭксанМобіл» і «Роял Датч Шэл», і працягвае прыносіць даход інвестарам, нягледзячы на малыя кошты на нафту.

Чаму гэта так? Чаму мы не ведаем, хто асноўны акцыянер «Сургутнафтагазу»?

«Сургутнафтагаз» вельмі адрозніваецца сваёй бізнес-мадэллю ад заходніх кампаніяў. У прыватнасці, «Сургутнафтагаз» здабывае нафту з радовішчаў на сушы ў Расеі, і тэхнічна гэта не так складана, калі параўнаць гэтыя аперацыі з відамі дзейнасці па здабычы нафты, якія вядуць буйныя заходнія кампаніі.

Яны даследуюць арктычныя акіяны, яны будуюць і ўладкоўваюць абсталяванне, якое вельмі каштоўнае, і гэтыя праекты патрабуюць высокага кошту на нафту, каб быць прыбытковымі. Іх бізнес залежыць ад высокага кошту на нафту.

Некаторыя з расейскіх нафтавых кампаніяў вырабляюць нафту з берагавых радовішчаў, што прасцей, так што яны могуць рэальна зарабіць грошы пры нізкім кошце на нафту. 05 ^ 55 У пэўным сэнсе гэтага нельга параўнаць.

А што вы думаеце пра сітуацыю з «Сургутнафтагазам»? Чаму мы не ведаем, хто асноўны акцыянер?

Расея не мае тых жа стандартаў празрыстасці, што некаторыя заходнія краіны. Што да «Брытыш Пэтролеўм», мы можам адносна проста знайсці акцыянера гэтай кампаніі. «Сургутнафтагаз» адрозніваецца.

Былі сцвярджэнні, у тым ліку некалькі гадоў таму ў судовай справе ў Вялікай Брытаніі, што кіраўніцтва «Сургутнафтагазу» і ёсць яе буйным акцыянерам.

У той жа час гадавая справаздача «Сургутнафтагазу» дэкларуе, што кіраўніцтва гэтай кампаніі – вельмі дробныя акцыянеры. Пра тое, хто насамрэч значныя акцыянеры кампаніі, – мы не маем афіцыйнай інфармацыі.

Як сітуацыя ва Украіне ўплывае на прысутнасць «Брытыш Петролеум» у Расеі?

«Брытыш Петролеум» працуе з Расеяй ужо шмат гадоў. Кампанія набыла свае «козыры» на актывах з «Раснафтай» і атрымала буйную долю ў «Раснафце», пасля гэтага атрымала яшчэ адну долю ў «Раснафце».

Прычына ў тым, што яны хочуць замацаваць сваю прысутнасць у Расеі. «Брытыш Петролеум» зрабілі шэраг дамоваў з «Раснафтай», якія прывялі акцыянераў у Расеі да новых радовішчаў у Сібіры.

Прагрэс у распрацоўванні гэтых радовішчаў быў не вельмі хуткі з-за складаных прыродных умоваў.

Рэальнасць такая, што сёння ўсё цяжэй атрымаць грошы ад інвестараў на новыя капітальныя ўкладанні ў сектар распрацоўвання нафты. Асабліва цяжка ў цяперашняй палітычнай сітуацыі пераканаць інвестараў укладаць мільярды долараў у нафтавы сектар у Расеі.

Іх непакоіць той факт, што да таго часу, як вы пачынаеце вырабляць нафту, пройдзе час, і можа здарыцца, што ў краіне паўстануць праблемы з экспартам, можа быць зусім іншы палітычны рэжым – гэта ўсё рызыка. Гэта больш рызыкоўна цяпер, чым было некалькі гадоў таму. Здольнасць «Брытыш Петролеум» рухацца наперад у Расеі значна меншая, чым гэта было некалькі гадоў таму.

Тым не менш, нафтавы сектар у Расеі і былым СССР значна важнейшы для «Брытыш Петролеум», чым любы іншы – такі, як «Шэл» або «ЭксанМобіл» ці «Шэўрон». Прычына ў 20-гадовай даўнасці супрацоўніцтва, калі Берлінскі мур абваліўся, і калі інвестыцыі ў Расею сталі магчымыя ўпершыню ў гісторыі.

Кампанія «Брытыш Петролеум» была адным з першых партнёраў Расеі. Галоўны выканаўчы дырэктар таго часу, Джон Браўн, падпісаў тады некалькі вельмі буйных дамоваў у Расеі і Азербайджане і рызыкаваў гэтак, як не рызыкавалі іншыя заходнія кампаніі. Нават былі сітуацыі, калі расейскі партнёр папросту адбіраў актывы. Цяперашні выканаўчы дырэктар «Брытыш Петролеум» Боб Дадлі аднойчы, некалькі гадоў таму, быў літаральна вымушаны бегчы з Расеі. Спрэчкі былі вельмі сурёзныя.

Аднак супраца не спыніцца. Асноўныя прычыны ў тым, што брытанцы ўжо ўклалі гэтак шмат у нафтавы сектар Расеі, што яны не могуць проста сысці, але і таму, што ў пэўны час яны зарабілі надзвычай добра.

Для «Брытыш Петролеум» бізнес у Расеі звязаны з высокай рызыкай і высокай выгадай. Калі вы глядзіце на астатнія часткі свету, ёсць не так шмат вялікіх недаследаваных месцаў, дзе заходнія нафтавыя кампаніі могуць проста прыйсці і пачаць асваенне рэсурсаў Зямлі.

Вікторыя Колчына для belsat.eu

Стужка навінаў