Дзяржава ўнутры дзяржавы. Чаго хочуць сепаратысты?


У дапаўненнях ва ўкраінскую Канстытуцыю прадугледжана, што «ЛНР» і «ДНР» застануцца часткаю Украіны. Але баевікі патрабуюць аўтаномнасці, уплыву на вонкавую і ўнутраную палітыку Украіны, ды гарантый для сваіх лідараў.

Не ўзялі ў Расею – просяцца ва Украіну

У праекце дапаўненняў указана, што шэраг раёнаў і гарадоў, якія цяпер захопленыя прарасейскімі сепаратыстамі, маюць атрымаць асаблівы статус.

«Асобныя раёны з асаблівым статусам з’яўляюцца неадемнаю часткаю Украіны ды ў межах паўнамоцтваў, вызначаных Канстытуцыяй (…) самастойна вырашаюць пытанні, што датычаць іх», – гаворыцца ў дакуменце.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

У гэтых «асаблівых» раёнах мае быць свая выканаўчая ўлада, сілавыя структуры. Але пры гэтым бюджэт Украіны мае аказваць падтрыманне «сацыяльна-эканамічнае развіццё гэтых раёнаў».

Першапачаткова ў прапановах згадвалася, што Крым і Севастопаль – частка Украіны, але 10 чэрвеня сепаратысты адклікалі гэтыя папраўкі. «ДНР і ЛНР безумоўна лічаць Крым часткаю Расеі. Больш за тое, нашыя рэспублікі таксама ў ідэале хацелі б увайсці ў склад Расейскай Федэрацыі», – заявілі прадстаўнікі непрызнаных рэспублік Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дайнэга. Але ў Расею «ЛНР» і «ДНР» ніхто браць не збіраецца.

«ЛНР» і «ДНР» як ланцуг для Украіны

Мясцовыя ўлады, паводле сепаратыстаў, фактычна не будуць падпарадкоўвацца Кіеву і самыя вызначаюць сістэму паўнамоцтваў мясцовага самакіравання, а таксама… цэнтральных органаў выканаўчай улады, судоў і пракуратуры «у межах дэлегаваных паўнамоцтваў».

Таксама сепаратысты хочуць рэгуляваць дзейнасць бізнесу ды выкарыстоўванне расейскай мовы. Цяперашнія ж кіраўнікі непрызнаных рэспублік Юрый Захарчанка ды Ігар Платніцкі маюць застацца пры ўладзе ў гэтых «асаблівых раёнах».

Акрамя таго, у «ДНР» і «ЛНР» хочуць, каб у Канстытуцыю Украіны вярнулі запіс аб пазаблокавым статусе, што азначае немагчымасць уступлення ў НАТО. Фактычна сепаратысты імкнуцца атрымаць болей чым шырокую аўтаномію, падтрыманне з бюджэту Украіны і магчымасць мець уплыў на ўсе значныя рашэнні Украіны ў вонкавай ды ўнутранай палітыцы.

Хто пачуе прапановы сепаратыстаў?

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Яшчэ нядаўна сепаратысты выстаўлялі Кіеву ўльтыматумы. Цяпер «ЛНР» і «ДНР» высоўваюць прапановы.

Дакумент з прапановамі ўнесці змены ў Канстытуцыю Украіны апублікаваны на сайтах сепаратыстаў, а таксама перададзены украінскаму боку кантактнай групы, што збіраецца на нарады ў Менску. Адпаведна прапановы падпісалі не Захарчанка і Платніцкі, а Дайгнэга і Пушылін, што маюць толькі статус перамоўцаў.

У перамоўным працэсе не маюць аніякага статусу ўласна і кіраўнікі непрызнаных рэспублік. Таму малаімаверна, што Кіеў афіцыйна хоць неяк адрэагуе на гэтыя прапановы. Не толькі праз тое, што яны невыгодныя для ўладаў, але і таму што Платніцкі і Захарчанка з’яўляюцца ваеннымі злачынцамі ды не могуць быць легітымнымі кіраўнікамі. Да таго ж, у любы момант яны могуць сысці з палітычнай сцэны непрызнаных рэспублік, як гэта было з Ігарам Стралковым-Гіркіным ды Аляксандрам Барадаем.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў