Улады разагналі шэсце на Дзень Волі. Онлайн

video

25 сакавіка а 14:00 у Менску павінная была адбыцца акцыя супраць Дэкрэту № 3 і святкаванне Дня Волі – неафіцыйнае свята з нагоды ўтварэньня першай нацыянальнай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублікі. Улады жорстка разагналі людзей.

Відэападсумаванне разгону

Белсат правёў тэкставую трансляцыю з Дня Волі.


17:45 Праваабаронцы паведамляюць, што людзям у РАУСах пагражаюць, што калі не падпішуць пратаколы, пайдуць на содні.

17:30 Аутазакі з’ехалі з Палаца Рэспублікі.

17:23 Аляксандра Баразенку затрымліваюць на содні ў РАУС.

16:45 Кацярына Андрэева распавядае пра сваё затрыманне. Паводле журналісткі, яе збілі, цягнулі па зямлі, далі каленам у жывот. Пасля нехта пазваніў сілавікам і яе адпусцілі.

16:30 Затрымалі Кацярыну Андрэеву. Каля Кастрычніцкай у дварах стаіць шмат міліцэйскіх аўтобусаў.

16:29 Рух адноўлены. Частка людзей ідзе ў бок Кастрычніцкай.

16:25 Кацярына Андрэева паведаміла ў наўпроставым эфіры, што з Заводскага РАУС Менску адпусцілі ўсіх журналістаў «Белсату», затрыманых падчас акцыі.

16:20

16:15 «Праца грамадскага транспарту на праспекце Незалежнасці адноўленая». Ганна Аземша вядзе відэатрансляцыю з раёну парку Янкі Купалы.

16:10 Затрыманы Алесь Баразенка вядзе трансляцыю з ізалятара.

Каля Плошчы Перамогі сабралася рэшта людзей, якіх не затрымалі. Тут знаходзіцца Алесь Залеўскі.

«Я прыйшоў сюды, бо не ведаю як выжываць. У нас цяпер няма будучыні ў гэтай краіне», – кажа адзін з удзельнікаў акцыі.

16:02 Перакрыты праспект Незалежнасці і тры станцыі метро.

15:59 «Людзі ў разгубленасці». З цэнтру Менску апошнюю інфармацыю ў эфіры «Белсату» падае Ганна Аземша. Нашая калега пацвердзіла затрыманне аператара Аляксандра Баразенкі, фатографа Уладзіміра Грыдзіна і журналіста TUT.BY Арцёма Шрайбмана.

15:55 «Сёння ўсе ў абурэнні. Маладых разагналі, нас шчытамі прыціснулі, у такой краіны няма будучыні!»,  – кажа жанчына.

15:50 Затрымалі эканамічнага журналіста Стася Івашкевіча.

15:49 Ганна Аземша паведамляе, што на вуліцы Захарава верагодна рыхтуюць разгон.

15:40 Людзі ў разгубленасці. Хочуць прайсці ў бок Кастрычніцкай, але ўсё перакрытае.

15:30 Кацярына Андрэева апытвае людзей, ці ім страшна на Дне Волі.

15:28

Пасля затрымання аператар «Белсату» Аляксандр Баразенка выйшаў у наўпроставы эфір з аўтазаку.

15:15

Падчас акцыі ў Менску затрымалі некалькі журналістаў. Спіс (няпоўны, бо затрыманні працягваюцца):

Любоў Лунёва, Зміцер БуянаўАляксандр Баразенка (усе – Белсат; разбітая камера)
Захар Шчарбакоў
Зміцер Карэнка
Ірына Козлік
Ірына Арахоўская і Арцём Гарбацэвіч (Наша Ніва)
Вольга Быкоўская (вязуць у Першамайскі РАУС)
Генадзь Барбарыч (радыё «Рацыя«)
Генадзь Шарыпкін (Radio France Internationale, акрэдытацыя МЗС, вызвалілі пасля праверкі дакументаў)
Ганна Бадзяка

Журналіст »Новага часу« Уладзіслаў Рубанаў не змог прайсці да Акадэміі навук. АМАПаўцы папрасілі ў Рубанава «акрэдытацыю» – рэдакцыйнае пасведчанне і рэдакцыйнае заданне не задаволілі міліцыянтаў. Яны не дазволілі журналісту прайсці.

Затрыманні журналістаў працягваюцца па ўсёй краіне. Гэтак, раней у Віцебску затрымалі нашых журналістаў Волю Чайчыц і Андруся Козела.

14:55

Вядоўца трансляцыі «Белсату» Кацярына Андрэева заявіла АМАПу, што сыйдзе з месца падзеяў толькі калі вырашыць гэта сама.

13:50

Міліцыянты на праспекце Незалежнасці.

13:30

Гэта пікапы Ford, абсталяваныя спецыяльным каркасам вакол машыны і чырвона-сінімі мігалкамі за краткамі радыятару. Гэтыя аўтамабілі прызначаныя для ўзяцця барыкадаў.

Калона спецтэхнікі стаіць у Менску на вуліцы Залатая Горка. Фота: Кася Далідовіч

Упершыню гэтыя машыны засвяціліся на менскіх вуліцах у кастрычніку 2015 года. Шырокай публіцы гэтыя аўто паказалі ў пачатку сакавіка на парадзе, прысвечаным Дню міліцыі. «Камсамолка» падае, што афіцыйная назва гэтай тэхнікі – «Забор-Бар’ер», на ўзбраенні беларускіх спецслужбаў – не менш за чатыры экзэмляры такіх аўтамабіляў.

13:45 Сілавікі рыхтуюцца да разгону.

13:25

У офісе праваабарончага цэнтру «Вясна» адбываецца ператрус.

13:15 «Міліцыянт ударыў мяне з усяго маху». Жанчына распавядае пра тое, як да яе паставіўся міліцыянт на пляцоўцы перад Акадэміяй навук.

13:09

Цягнікі першай лініі Менскага метро не спыняюцца на ўчастку паміж станцыяў Плошча Якуба Коласа – Парк Чалюскінцаў.

13:00

На ўездзе ў Менск міліцыя фільтруе людзей

Прадпрымальнік Іван Шыла паведаміў, што на ўездзе ў Менск затрымалі ягонага бацьку, Уладзіміра Шылу.

Паводле Івана, у праваахоўнікаў ёсць спісы тых, каго нельга пускаць.


Мінулая акцыя супраць дармаедскага дэкрэту прайшла ў Менску 15 сакавіка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары