Літоўскі Цэнтр ацэнкі якасці навучання (ЦАЯН) негатыўна расцэньвае Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, які функцыянуе ў Вільні і ў якім пераважна навучаюцца беларусы.
Кіроўная рада Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (ЕГУ) не згодная з высновамі.
Такая ацэнка можа служыць падставай для адклікання ліцэнзіі на правядзенне навучання і звязанай з гэтым дзейнасці, паведаміў у пятніцу ЦАЯН. Гэтае рашэнне ЕГУ можа на працягу 14 дзён абскардзіць сфармаванай міністрам адукацыі і навукі камісіі, а ў 30-дзённы тэрмін – абскардзіць і ў судзе.
У 2014 годзе ЕГУ таксама быў ацэнены негатыўна, у сувязі з чым ліцэнзія была падоўжаная толькі на 3 гады. У новай справаздачы негатыўную ацэнку атрымалі стратэгічнае кіраванне ЕГУ, ягоная навуковая і (або) мастацкая дзейнасць.
Кіроўная рада ЕГУ не згодная з высновамі аб адмоўнай інстытуцыйнай ацэнцы.
У заяве на сайце ўніверсітэту гаворыцца, што рэформы, праведзеныя ў 2015-2016 гадах, забяспечылі істотнае развіццё стратэгічнага кіравання, вучэбнай і навуковай дзейнасці, што было прызнана донарамі падчас Донарскай канферэнцыі ў лістападзе 2017 года.
«Будучы адзіным універсітэтам у выгнанні ў свеце, ЕГУ зведаў значныя рэформы стратэгічнага кіравання, а таксама ўкараніў новы Стратэгічны план на 2016-2021 гады. Стратэгічны план быў распрацаваны ў цесным узаемадзеянні з Шведскім агенцтвам міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця (SIDA) і на падставе рэкамендацый Цэнтру ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі, прадстаўленых у рамках інстытуцыйнай ацэнкі ўніверсітэту ў лютым 2015 года. Кіраўніцтва ЕГУ шкадуе, што ў сваёй справаздачы Цэнтр не ўлічыў палітычную важнасць універсітэту для Беларусі», – адзначаецца ў заяве.
На думку кіраўніцтва ЕГУ, Цэнтр ацэнкі якасці вышэйшай адукацыі не прыняў да ўвагі афіцыйны адказ універсітэту, прадстаўлены 14 снежня 2017 года ў дачыненні да папярэдняй справаздачы Цэнтру.
Пасля зачынення ЕГУ беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ўніверсітэт прыняў запрашэнне ўрада Літвы і пераехаў у Вільню. Атрымаўшы афіцыйны статус універсітэту ў Літве ў сакавіку 2006 года, ЕГУ за 11 гадоў падрыхтаваў 2124 спецыяліста ў галінах мастацтваў, сацыяльных і гуманітарных навук.
Глядзіце таксама: