Дыджэрыду, тыбецкія чашы і медытацыя: у Гомлі адбыўся этнаканцэрт «Шлях да сябе»


Адправіцца ў доўгае і хвалюючае музычнае падарожжа з шаманскімі танцамі, дыджэрыду ды пульсуючымі рытмамі сабралася поўная заля гамельчукоў у арт-прасторы «Каўчэг». Гідам жа ў гэтым падарожжы была каманда «Avatar», якая паўстала з гомельскага этна-гурта «Жывы».

«Наш сённяшні выступ называецца «Шлях да сябе». Ты бярэш інструмент, граеш і разумееш, што вось гэта вось і ёсць сапраўдны ты. Тут кожны зможа знайсці шлях да сябе: вы прыходзіце, слухаеце і ў кожнага ўнутры адклікаецца штосці сваё. Насамрэч «Avatar» – гэта не зусім музычны калектыў, а хутчэй супольнасць, якая мае на мэце стварэнне ў нашым горадзе і не толькі такіх тусовак і канцэртаў. Гэта прастора яднання захавальнікаў свету. Мы падарожнічаем і робім медытатыўныя канцэрты, нясем здароўе і любоў у гэты свет, адкрываем сэрцы», – распавядае кіраўнік «Avatarа» Кірыл Кавалёў.

Падчас выступаў адбываецца вельмі шмат усяго: узаемадзеянне людзей з людзьмі, інструментамі, імправізацыя.

«Гэтыя канцэрты для таго, каб пашыраць гарызонты, упадаць у дзяцінства, у шчасце. Для кагосьці гэта можа быць не зусім зразумелым, а для кагосьці вельмі цікавым. Мы таксама вывучаем і практыкуем розныя аздараўляльныя методыкі з дапамогай тыбецкіх чаш і дыджэрыду (музычны інструмент абарыгенаў Аўстраліі – заўв.). На адным з такіх канцэртаў бабуля, якая прыйшла паслухаць, сказала: «Унучак, у мяне радыкуліт перастаў». Я кажу: «ну яшчэ два канцэрты і будзеце як маладая», – працягвае Кірыл Кавалёў.

Гурт паспеў пабываць з выступамі ў Маскве, у Пецярбургу, у вялікіх гарадах і нідзе не ўзнікала праблем з этнічнымі канцэртамі, а ў Беларусі маладзёны сутыкнуліся з мноствам бюракратычных нюансаў.

Сярод іх – неабходнасць адкрываць ІП альбо быць прывязаным да якой-небудзь дзяржустановы, каб арганізаваць канцэрт. Таму ў Беларусі канцэртнымі заламі гурта пакуль становяцца нефармальныя пляцоўкі, кажа Кірыл Кавалёў:

«Мінус у тым, што апошнім часам шмат з іх зачыняюцца праз розныя прычыны. Але ў гэтым выпадку справа мусіць быць за гараджанам. Самі людзі павінны рабіць для сябе такія прасторы і клапаціцца пра іх».

У перапынках паміж канцэртнымі часткамі слухачы маглі папіць гарбату, пакамунікаваць адно з адным, а таксама паспрабаваць засвоіць майстэрства ігры на шматлікіх экзатычных інструментах. А выступоўцы паабяцалі, што будуць часцей праводзіць у горадзе падобныя мерапрыемствы.

Глядзіце таксама:

Стужка навінаў