Дошку да #БНР100 дагэтуль не могуць усталяваць


Мемарыяльная дошка да 100-годдзя БНР. Фота - Ірына Арахоўская/Белсат

Дазволу гарадскіх уладаў на ўсталяванне памятнай дошкі да сотай гадавіны абвяшчэння БНР па-ранейшаму няма.

Як распавёў belsat.eu старшыня Саюзу мастакоў Беларусі Рыгор Сітніца, ён паўторна звярнуўся ў Менгарвыканкам, каб атрымаць дазвол на ўсталяванне і афіцыйнае адкрыццё дошкі на вуліцы Валадарскага, 9.

Напярэдадні Дню Волі адкрыць дошку не атрымалася, падзею спачатку перанеслі на тыдзень, а потым адклалі на невядомы тэрмін.

Разам з тым, мастацкі савет пры Менгарвыканкаме раней зацвердзіў праект і парэкамендаваў дошку да ўсталявання. Паводле словаў Рыгора Сітніцы. Цяпер справа толькі ў дазволе ўладаў. Пакуль скульптар не сцвярджае адназначна, што ініцыятыва блакуецца ўладамі. Прычына такога доўгага чакання Саюзу мастакоў невядомая.

«Я дагэтуль чакаю адказу, паўторна падаваў заяву ў Менгарвыканкам. Як толькі я атрымаю адказ, буду мець на руках дакумент – змагу нешта каментаваць», – сказаў Сітніца.

Нагадаем, грошы на стварэнне мемарыяльнай дошкі ў сакавіку сабралі праз краудфандынг за пяць гадзін. Яна выкананая ў бронзе па праекце скульптара Алеся Шатэрніка ўзору 1993 года.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары