Доктар Ірына Абельская: Я не магу сама патэлефанаваць прэзідэнту


Кіраўніца клінікі, у якой абслугоўваюцца першыя асобы краіны, Ірына Абельская ў вялікім інтэрвʼю распавяла Tut.by пра сваіх дзяцей ды пра тое, чаго не кажуць дактары ў ейнай прысутнасці.

– Вы працуеце часам як спецыяліст, а не як галоўны доктар?

– Так, рэгулярна.

– Дзеля практыкі?

– Па любові (смяецца). Гэта раней галоўны лекар быў гаспадарнікам. Сёння шмат якія мае калегі, якія кіруюць сурʼёзнымі ўстановамі, працуюць як практыкуючыя дактары, ходзяць у аперацыйныя, абследуюць пацыентаў.

Я, напрыклад, ведаю ўсіх сваіх пацыентаў, рэгулярна праводжу абыходы ў аддзяленнях, ведаю, хто ў нас ляжыць і з якімі праблемамі.

– У вашага медцэнтру больш магчымасцяў, чым у іншых лякарняў, закупляць больш новае абсталяванне?

– Не. Сёння наш тэхнічны ўзровень не перавышае ўзровень многіх лячэбных установаў, у першую чаргу рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтраў. Дзякуючы праграме аховы здароўя за апошнія 10 гадоў адбылася вельмі магутная рэарганізацыя. Сёння абсалютна адкрыта і сумленна можна сказаць, што сістэма аховы здароўя ў Беларусі дазваляе аказваць якасную медычную дапамогу на розных узроўнях яе арганізацыі.

– Але ёсць нюанс. Абсталяванне добрае, але не ўсе спецыялісты ўмеюць ім карыстацца. Вы як дыягност, напэўна, ведаеце пра гэтую праблему.

– Так, гэтая праблема ёсць, і я думаю, што яна сёння датычыць не толькі медыцыны, але і вельмі шматдікіх сфер у нашай краіне. Мы імкнемся мець высокатэхналагічнае медабсталяванне, на якое выдаюцца вялікія сродкі. Але, на вялікі жаль, далёка не ўсе нашыя спецыялісты могуць гэтым абсталяваннем слушна карыстацца.

Медычны працаўнік павінен вучыцца ўсё жыццё. Не пачытаўшы літаратуры і не паглядзеўшы нейкую лекцыю, можна выпасці з тэмы надоўга. Сёння вельмі шмат магчымасцяў – гэта і вэб-канферэнцыі, і тэлемедыцына, і абмеркаванне з калегамі клінічных выпадкаў анлайн. Але ёсць пытанне моўнай падрыхтоўкі, які, на жаль, у нашай краіне да гэтага часу зʼяўляецца вялікай праблемай.

Матывацыя таксама важная. Па ідэі, у медычны ўніверсітэт паступаюць не найгоршыя выпускнікі школ, шмат хто з лекаркіх дынастыяў, яны ведаюць, навошта туды ідуць. Ім ніхто не абяцае пасля заканчэння інстытуту рэзкі рост заробку ці нейкія неверагодна прывабныя ўмовы працы. І мне здаецца дзіўным, калі маладыя спецыялісты кажуць: як нам плацяць, так мы і будзем працаваць. Гэта злачынства, з такой пазіцыяй трэба сыходзіць з любой працы, а з медыцыны – абавязкова. Значыць, чалавек – дрэнны спецыяліст. Немагчыма аказаць дапамогу, думаючы пра тое, як табе за яе будуць плаціць. І гэта асноўная ідэалогія ў нашай лячэбнай установе. Лекары гэта ведаюць. Прынамсі пры мне яны такіх фраз не прамаўляюць, я рэагую на іх вельмі бурна.

– Спытаю яшчэ пра «вяртушкі». Гэты тэлефон з гербам і без кнопак на вашым стале – для сувязі з міністрам ці з прэзідэнтам?

– З прэзідэнтам.

– Вы можаце падняць слухаўку, і ён адкажа?

– Я не магу. Толькі прэзідэнт можа патэлефанаваць.

– Вы з доктарскай дынастыі – ваша мама Людміла Пастаялка была міністрам аховы здароўя. Старэйшы сын таксама медык?

– Я медык у трэцім пакаленні, мой старэйшы сын – у чацвёртым. Мая бабуля была фельчарам, і ўсе яе родныя былі ў той ці іншай ступені звязаныя з медыцынай. Мая мама і мая цётка – дактары. Мой родны брат – доктар, яго жонка – таксама. Мой старэйшы сын – афтальмолаг, працуе ў афтальмалагічным цэнтры.

– Дактары – строгія бацькі?

– Цяжка сказаць. Сёння, калі я бачу, як мае дзеці кантактуюць са мной, разумею, што я б так ніколі не магла размаўляць са сваймі бацькамі, нягледзячы на тое што ў нас былі вельмі цёплыя, вельмі добрыя ўзаемаадносіны. У мяне было выдатнае дзяцінства, мяне вельмі любілі. Але ўсё роўна я заўсёды вельмі паважліва ставілася да мамы і таты. У сучаснага пакалення павага да бацькоў засталася, але гэта нейкая іншая форма яе выказвання. Я ведаю шмат людзей свайго ўзросту, якія да бацькоў звярталіся на «вы». А сёння мае дзеці гавораць са мной, як з сяброўкай. Але я іх тармажу: «Стоп, хлопцы, я вам не сяброўка».

– Атрымліваецца, вы не строгая мама?

– Строгая. Дзяцей трэба любіць, але ў кожнай сямʼі ёсць агульначалавечыя прынцыпы, якімі трэба кіравацца ў выхаванні. І дзеці павінны разумець, што нельга іх парушаць. Любы чалавек, які зʼяўляецца на свет, хоча паспрабаваць розныя формы жыццядзейнасці, і вельмі важна правільна настроіць дзяцей на ўспрыманне гэтага свету.

Мая сямʼя заўсёды была вельмі працавітай, мы шмат вучыліся, у нас не было бяздзейнага баўлення часу. І мне б вельмі хацелася, каб у маіх дзецях гэта было таксама. Усё роўна ў чым: спорце, вучобе. Я лічу, што правільны чалавек – гэта арганізаваны чалавек.

– Вы б хацелі, каб і малодшы сын працягнуў вашу медычную дынастыю?

– Я не задумваюся пра гэта. Але я не думала пра гэта і ў выпадку са старэйшым сынам. Гэта быў яго выбар, і прыняў ён пастанову звязаць сваё жыццё з медыцынай у апошнім класе Ліцэю БДУ.

А якую прафесію абярэ мой малодшы сын … Я б проста хацела, каб ён атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафесію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненне і прыносіў карысць і радасць іншым.

– Ціснуць не будзеце?

– Гэта складана. Ціснуць заўсёды складана.

– Вы робіце ўражанне вельмі энергічнага і актыўнага чалавека. Як вам атрымліваецца трымаць сябе ў форме?

– Я не вельмі актыўны чалавек у плане спорту, не займаюся рэгулярна. Ды і ў мяне не вельмі шмат вольнага часу, каб хадзіць у нейкія залы тры-чатыры разы на тыдзень. Але я разумею, што фізічная актыўнасць патрэбна, праходжу ў дзень не менш за пяць кіламетраў.

– Дзе?

– Я ўстаю а палове на шостую, нават зімой. У мяне ёсць сабака, які мяне натхняе на прагулкі. Так што хаджу абавязкова. Люблю ровар, езджу, калі надворʼе дазваляе. Ну і, як любы чалавек, любая жанчына, я сябе дзесьці абмяжоўваю ў ежы.

– Абмяжоўваеце моцна? Кажуць, што лепш за ўсё выглядаюць тыя, хто есць вельмі мала.

– Я не мала ем, люблю паесці. Але я не люблю салодкае, мучное і бульбу. Напэўна, непатрыятычна, але вось так.

– Цяжка быць кіраўніком такога ўзроўню? Усё ж такі галоўныя дактары ў нас у асноўным мужчыны, нават у радзільнях.

– Напэўна, жанчыны ў добрым сэнсе слова больш ненармальныя кіраўнікі, больш увагі надаюць спагадзе, жаданню зразумець, у іх ёсць імкненне зрабіць калектыў сямʼёй. Але і выгараюць яны больш, не заўсёды прыемныя для мужчын-кіраўнікоў, бо эмацыйныя. Цяжка гэта ці лёгка? Складана сказаць. Нялёгка – гэта дакладна. Але ў нас добры калектыў. І, прапрацаваўшы столькі гадоў, я выразна ведаю, на каго мне можна абаперціся, каму якія паўнамоцтвы дэлегаваць. Калі ўсё па паліцах раскладзена, працаваць вельмі прыемна.

З 1994 па 2001 год – доктар-тэрапеўт рэспубліканскай лякарні Упраўлення справамі кіраўніка Беларусі, была асабістым лекарам Аляксандра Лукашэнкі. З 2001-га – галоўны лекар Рэспубліканскага клінічнага медцэнтру Упраўлення справамі кіраўніка Беларусі (лечкамісіі). У 2004 годзе нарадзіўся малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Хто ягоная маці – дакладна невядома.

Паводле Ульяны Бабаед, tut.by

Стужка навінаў