«ААЭ – добры сябар і надзейны партнёр Беларусі», гаворыцца ў тэлеграме да Халіфы бен Заіда аль-Нахаяны.
Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта і народ ААЭ з нацыянальным святам – Днём стварэння федэрацыі.
У лісце да прэзідэнта ААЭ Аляксандр Лукашэнка спадзяецца, што супольнымі намаганнямі ўдасца падняць беларуска-эмірацкія адносіны на яшчэ больш высокі ўзровень.
«ААЭ з’яўляюцца для Беларусі добрым сябрам і надзейным партнёрам у рэгіёне Блізкага Ўсходу, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы. – Мы цэнім дасягнуты ўзровень развіцця супрацы з вашай краінай у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах. Мы таксама імкнемся да далейшага пашырэння дыялогу праз адкрыццё новых перспектыўных напрамкаў узаемадзеяння», – гаворыцца ў пасланні.
Прэзідэнт Беларусі таксама накіраваў віншавальныя тэлеграмы наследнаму прынцу Абу-Дабі, намесніку галоўнакамандуючага шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну і кіраўніку Дубаю шэйху Мухамеду бен Рашыду аль-Мактуму.
Роўна месяц таму Лукашэнка наведаў ААЭ з рабочым візітам.
Сёння Лукашэнка даслаў яшчэ адну тэлеграму – прэзідэнту Лаосу Бунянгу Ворачыце з віншаваннямі з нагоды Дня абвяшчэння Рэспублікі.
ДД