Аб'ектыў 01.12.2017 «Там цяжка, але людзі жывуць». Лукашэнка хоча прадаць трактары Афганістану


Беларусь будзе развіваць гандлёвую супрацу з Таджыкістанам… у Афганістане. Лукашэнка ўпэўнены, што пасля завяршэння канфлікту гэтая краіна стане перспектыўнай пляцоўкаю для супольных праектаў Менску і Душанбэ. Пры гэтым будзе вывучацца і гандлёвы патэнцыял уласна Таджыкістану.

Надзвычай напружаны тыдзень выдаўся ў кіраўніка Беларусі. У сераду дарагі госць з Казахстану, на наступны дзень – з усяго АДКБ.

Сёння радня ўжо раз’ехалася і застаўся пагасціць яшчэ на дзень толькі адзін палітычны доўгажыхар з былой савецкай рэспублікі – прэзідэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон. Палітыкі пачалі шукаць выйсця з на гэты дзень вельмі сціплай гандлёвай супрацы.

«Нам трэба прыдумаць штосьці такое, што стала б сапраўдным падмуркам нашых дачыненняў – гэта эканоміка, натуральна, – заявіў Лукашэнка. – Я, ведаеце пра што падумаў: мы часта сустракаемся з кіраўніцтвам, бізнес-коламі Афганістану. Як бы там не было цяжка, усё ж такі там жывуць людзі, мільёны людзей».

І прадстаўнікі гэтых 30-і мільёнаў, аказваецца, на такіх сустрэчах прасілі кіраўніка Беларусі адкрыць у Афганістане нейкую вытворчасць. З-за геаграфічнай і палітычнай блізасці, у якасці партнёра, па ўваходу на рынак Кабулу, Душанбэ сапраўды пасуе лепш за каго заўгодна.

«Зараз Беларусь і Афганістан вядуць перамовы аб перапрацоўцы ежы. А ў Таджыкістане нядаўна адкрылася зборачная вытворчасць трактароў МТЗ. У прынцыпе гэтую прадукцыю можна пастаўляць у выпадку, калі ўдасца праз Таджыкістан наладзіць карупцыйныя сувязі з афганскімі палявымі камандзірамі», – мяркуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Пакуль афганскі бізнес выглядае даволі рызыкоўна, Менск збіраецца накіраваць у Таджыкістан шэраг кіраўнікоў буйнейшых беларускіх кампаніяў. Там яны маюць вывучыць перспектывы стварэння новых прадпрыемстваў. Бо на сёння супраца ідзе квола – сумесны таваразварот складае менш за $ 30 млн. Можа прычына ў тым, што Душанбэ ўсцяж вагаецца, ці далучацца да Еўразійскай эканамічнай прасторы?

«Кітай сёння вельмі актыўна прасоўвае ініцыятыву «Адзін пояс – адзін шлях», і з гэтага гледзішча гэтая краіна можа даць Таджыкістану больш, чымся Расея ў межах Еўразійскага эканамічнага звязу», – кажа палітычны аглядальнік Арсэн Сівіцкі.

Еўразійскі эканамічны звяз наагул ня можа пахваліцца большай выгадаю для сваіх удзельнікаў. Напярэдадні сесіі АДКБ Лукашэнка з Назарбаевым таксама падлічылі таваразварот, які цяпер складае менш за паўмільярда долараў

«Мы імкнемся да таго, каб падняцца да ўзроўню таваразвароту, як тое ўжо калісьці было – у 2014-м», – казаў кіраўнік Беларусі.

Чаму ж таваразварот абваліўся больш, як у два разы ў 2015? А выглядае на тое, што таму, што тады ўвайшла ў моц дамова аб Еўразійскай эканамічнай прасторы, што разам з крызісам у Расеі, абрынула эканомікі ўсяго абʼяднання.

Усевалад Шлыкаў

Глядзі таксама
Каментары