Для наркадылераў – большыя тэрміны, асобныя калоніі


Максімальны тэрмін за нарказлачынствы цяпер складае 25 гадоў. Зніжаецца ўзрост наступлення крымінальнай адказнасці за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, з 16 да 14 гадоў.

Новыя захады «імем рэвалюцыі»

1 студзеня 2015 года набудзе моц дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі «Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў».

Узмацняецца крымінальная адказнасць за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў. Павялічваецца максімальны тэрмін пазбаўлення волі за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў пры наяўнасці абцяжарвальных прыкметаў (напрыклад, учыненыя групай асобаў або на тэрыторыі ўстановы адукацыі), – з 13 да 15 гадоў; збыт наркотыкаў заведама няпоўнагадоваму – з 8 да 15 гадоў; дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, учыненыя арганізаванаю групаю, – з 15 да 20 гадоў; за выраб або перапрацоўку наркотыкаў у лабараторных умовах – з 8 да 20 гадоў.

Максімальныя тэрміны пазбаўлення волі – за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў (цягне пазбаўленне волі на тэрмін ад 12 да 25 гадоў).

Караць будуць і наркаманаў

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

 Дэкрэт уводзіць адказнасць за паўторнае спажыванне ў грамадскім месцы наркотыкаў або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення, або перабыванне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап’янення. Караць маюць тых, каго цягам года за гэта ўжо прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Такім асобам пагражае абмежаванне волі да 2 гадоў.

Уводзяць адміністратыўную адказнасць за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення (штраф памерам ад 5 да 10 базавых велічыняў); непрыняцце індывідуальным прадпрымальнікам або юрыдычнаю асобаю захадаў недапушчэння на дыскатэках, у культурніцка-забаўляльных (начных) клубах, гульнявых установах спажывання наркотыкаў або іх збыту, а таксама за неінфармаванне органаў унутраных справаў пра выяўленыя факты ўчынення такіх дзеянняў (штраф памерам ад 20 да 50 базавых велічыняў).

Павялічваюцца максімальныя памеры штрафаў за перабыванне на працоўным месцы ў працоўны час у стане наркатычнага ап’янення (з 10 да 12 базавых велічыняў); спажыванне наркотыкаў без прызначэння доктара ў грамадскім месцы (з 8 да 15 базавых велічыняў).

Бітва супраць «спайсаў»

Адносна новаю пагрозаю для здароўя беларусаў сталіся «спайсы» – курыльныя сумесі з утрыманнем сінтэтычных наркотыкаў. Пабочныя эфекты ды моц уздзеяння гэтых наркотыкаў не раз прыводзілі да трагедый.

Але найгоршае тое, што хімічныя формулы «спайсаў» увесь час змяняюцца, што дазваляе абыходзіць афіцыйныя забароны.

Дзяржава спрабуе змагацца з гэтым: Дэкрэт прадугледжвае ўдакладненне паняцця аналагаў наркотыкаў, якое дазваляе адносіць да іх больш шырокі спектр хімічных рэчываў. Максімальна спрашчаецца працэдура аднясення новых псіхаактыўных рэчываў да наркотыкаў і ўвядзення тым самым забароны на іх незаконны абарот у Беларусі.

 У сувязі з пагрозаю шырокага распаўсюджвання наркотыкаў з выкарыстаннем інтэрнэту замацоўваецца механізм аператыўнага абмежавання доступу інтэрнэт-карыстальнікаў да рэсурсаў, якія ўтрымліваюць матэрыялы, скіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў. Пастановы пра такія абмежаванні прымаюцца Міністэрствам інфармацыі на падставе пісьмовых паведамленняў МУС і ёсць абавязковымі для выканання ўсімі пастаўнікамі інтэрнэт-паслуг на тэрыторыі Беларусі.

Дэкрэт ускладае абавязкі на ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў аналізаваць змест іх інтэрнэт-рэсурсаў, не дапускаць іх выкарыстання для распаўсюджвання матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў, а таксама інфармаваць органы ўнутраных спраў аб спробах распаўсюджвання такіх матэрыялаў.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў