Дацэнт-беларус з Лондану: У інтарэсах Беларусі, каб Вялікая Брытанія засталася ў Еўразвязе

video

https://www.youtube.com/watch?v=NVA1yOEDUBk&feature=youtu.be

Шэсць гадоў таму Дэйвід Кэмэран стаў наймаладзейшым прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі. Ініцыятар гэтак званага «брэкзіту» –  выхаду Лондану з Еўразвязу – цяпер намагаецца пераканаць грамадскую думку ў перавагах ЕЗ. Часу засталося менш за шэсць тыдняў. Як імаверны развод Лондану з Бруселем паўплывае на Еўропу і Вялікую Брытанію?

Дэйвід Кэмэран апынуўся не ў самай выгоднай сітуацыі – прэмʼер ініцыяваў рэферэндум пра выхад з Еўразвязу тры гады таму, а цяпер намагаецца адначасова пераканаць брытанцаў застацца ў абʼяднанай Еўропе і выгандляваць для Брытаніі асаблівыя прэферэнцыі. У лютым Лондан патрабаваў між іншага не выплочваць сацыяльнай дапамогі мігрантам цягам першых 4 гадоў перабывання ў Вялікай Брытаніі ды права блакаваць агульнаеўрапейскія законы нацыянальнымі парламентамі. Галоўныя гульцы ў еўрапейскай палітыцы адмовілі тады і не збіраюцца саступаць цяпер.

Па-за межамі абʼяднанай Еўропы таксама не ў захапленні ад ідэі Кэмэрана трохгадовай даўніны. Прэмʼер-міністр Японіі на сустрэчы са сваім брытанскім калегам нагадаў, што японскія кампаніі ў краіне забяспечваюць амаль 150 тыс. працоўных месцаў. Калі ж Лондан выйдзе з Еўразвязу, перанесціся могуць і шмат якія замежныя прадпрыемствы.

Як падлічыў Банк Англіі, выхад з абʼяднанай Еўропы прывядзе да рэцэсіі нацыянальнае валюты, унутраны валавы прадукт мае абваліцца ад 3 % да нават 14 %. Падлічылі меркаваныя страты і ў мясцовым Міністэрстве фінансаў.

«Нашым дзяржаўным фінансам будзе нанесены сурʼёзны ўдар – эканоміка стане агулам слабейшая, прыбыткі грамадзянаў зменшацца адпаведна. Прыватны сектар не выправіць сітуацыі, агулам мы ацэньваем страты бюджэту ў ваколіцах 36 млрд фунтаў», – адзначыў міністр фінансаў Вялікай Брытаніі Джордж Осбарн.

У сваю чаргу прыхільнікі выхаду з Еўразвязу мяркуюць, што Лондан усё адно страціць гэтыя грошы – праз дапамогу ўцекачам, сваю долю ў агульнаеўрапейскім бюджэце ды на дапамогу менш развітым краінам ЕЗ. Еўраскептыкі заяўляюць, што на гэтыя мэты Лондан выдае каля $ 0,5 млрд за тыдзень.

https://www.youtube.com/watch?v=QWSPMBaLYIc&feature=youtu.be

Дацэнт Універсітэту заходняга Лондану і кіраўнік Цэнтру Астрагорскага Яраслаў Крывой заўважыў, што выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу падтрымлівае Расея, якая цяпер перабывае ў міжнароднай ізаляцыі. Для Беларусі ж горш, калі ў Еўразвязе шмат праблемаў, адзначыў адмысловец.

«Калі зʼяўляюцца ці ўцекачы, ці праблемы з брытанскім выхадам з Еўразвязу, ці нейкія складанасці з Сірыяй, то значная частка ўвагі Еўразвязу перакіроўваецца менавіта на гэтыя пытанні, і ніхто ўжо не будзе думаць пра беларускія ці ўкраінскія праблемы, бо іншае будзе выходзіць на першы план. Таму з майго пункту гледжання, калі б Брытанія засталася ў Еўразвязе, які б працягваў існаваць у такім стане, як цяпер, ці павольна б рэфармаваўся, – гэта было б у інтарэсах Беларусі і наагул усіх еўрапейскіх краінаў», – заўважыў спадар Крывой.

Больш – у поўным выданні праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» а 21:40 у пятніцы. Тэмы апошняга выдання: Навошта Лукашэнку Бердымухамедаў; порна і бунт: чаму Беларусі няма на фестывалі ў Канах, але беларусы там ёсць ды іншыя.

https://www.youtube.com/watch?v=tyqbvmMnw_0

УШ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары