Да перамогі – пад трыкалорам: прарасейскія актывісты зладзілі чарговы пікет ў цэнтры Менску


Сёння падчас урачыстасцяў у Менску з нагоды Дня Перамогі актывісты прарасейскага «Национально-освободительного движения» (НОД) разгарнулі вялікі дзяржаўны сцяг Расеі.

«Ідэя прыйшла не зусім нам, а нашаму прыяцелю з Томску. Ён падказаў. А прыняць удзел у акцыі «Несмяротны полк» – святы абавязак кожнага, хто цэніць сваіх продкаў», – сказаў у інтэрв’ю «Белсату» адзін з удзельнікаў пікету, Сяргей Ланавенка.

На пытанне, чаму вырашылі выкарыстаць менавіта расейскую сімволіку, Ланавенка кажа:

«Таму што мы з Расеяй адзінае цэлае. Гэта вы яшчэ не ўсё бачылі. Звярніце ўвагу, што сёння апрануў мой сябар!», – узрушана кажа актывіст і дасылае нам фота.

На шэўроне сябра Ланавенкі – сцяг непрызнанай «Наваросіі».

– А «Наваросія» якое дачыненне мае да Дня Перамогі?
– А на ваш погляд, Данбасу тады не было? Дык калі на тое пайшло, і Беларусі, і Расеі не было. Была адзіная магутная дзяржава Савецкі Саюз!
– Але разгарнулі вы сёння сцяг не СССР, а сучаснай Расеі.
– Бо мы з ёй адзіныя.

Ланавенка адзначае, што рэакцыя мінакоў на расейскі трыкалор была пазітыўная, а супрацоўнікі міліцыі не задавалі ніякіх пытанняў.
У сакавіку з Ланавенкам і ягоным сябрам Аляксеем Галавіным адбылася кур’ёзная гісторыя: міліцыянт Спартак Свістуноў затрымаў абодвух каля кінатэатра Кастрычнік перад Маршам недармаедаў: сябры фатаграфаваліся з расейскім сцягам. Абодва атрымалі содні арышту.

фота nn.by і vk.com

Стужка навінаў