Чатыры прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта аб’явілі аб зборы 100 тысячаў подпісаў


Сёння пра пераадоленне гэтай мяжы пасля Аляксандра Лукашэнкі, Віктара Цярэшчанкі і Сяргея Гайдукевіча, заявіла Таццяна Караткевіч.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, ПАТЭНЦЫЙНАЯ КАНДЫДАТКА НА ПАСАДУ ПРЭЗІДЭНТА:
«Для мяне гэта канечне ж прыемна. Бо я па вялікаму рахунку не зусім і вядомы чалавек. Не маю такой вядомасці і заслугаў, але так атрымалася і гэта вельмі добра. Плённа папрацавалі, не так і лёгка гэта ўсё».

І сапраўды, сабраць 100 тысячаў подпісаў менавіта цяпер, у летні перыяд адпачынкаў досыць складана. Таму заявы пра збор неабходнай і досыць вялікай колькасці галасоў грамадзянаў выклікаюць скепсіс.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ БХД:
«Людзі звычайна проста праходзяць каля пікетаў. Калі задаюць пытанні, то людзі адказваюць, што разумеюць, чым усё скончыцца і дзеля чаго гэта ўсё робіцца. Людзі не дурныя. І беларусы разумеюць, што выбараў няма, але адбываецца спектакль».

Зрэшты насамрэч, большасць беларусаў, як ў сталіцы, гэтак і ў рэгіёнах сапраўды лічаць, што выбары не прынясуць нейкіх зменаў.

ЖЫХАРЫ БЕРАСЦЯ:
«Няма такога яркага ліадара, кандыдата, імя якога было б на слуху, каб мы бачылі яўную кампанію».
«Не бачна, каб нешта ішло да зменаў. Няма аніякай барацьбы».
«Мы прывыклі да таго, каб было ціха і спакойна. Але вось калі прыйдзе новае пакаленне, тады магчыма і будуць змены».

Праўда, і сярод альтэрнатыўных патэнцыйных кандыдатаў веры ў перамогу на выбарах няма. Нягледзячы на тое, што прэзідэнцкія выбары – гэта змаганне за ўладу ў краіне, мэты ставяцца зусім іншага кшталту.

ТАЦЦЯНА КАРАТКЕВІЧ, ПАТЭНЦЫЙНАЯ КАНДЫДАТКА НА ПАСАДУ ПРЭЗІДЭНТА:
«Наша мэта – аб’яднасць людзей. Атрымаць давер, якога сёння не хапае дэмакратычным сілам. І калі раптам мы здымемся, мы можам проста перакрэсліць усю тую працу, якую распачалі з вясны і вялі да восені. А гэта паўгады. Нас людзі проста перастануць слухаць».

Праўда, некаторыя палітыкі лічаць, што праз удзел апазіцыя грае на руку ўладам і легітымізуе гэтыя выбары ў тым ліку і на міжнароднай арэне.

ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ, СУСТАРШЫНЯ БХД:
«Уладам патрэбна як мага большая масоўка для таго, каб падаць Заходняму свету бачнасць дэмакратыі. Таму канечне, трэба мець розум у галаве, трэба мець як кажуць палітычнае адчуванне і не трапляць у гэтую пастку».

Зрэшты, этап збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты працягнецца яшчэ тыдзень. Але і гэтага тэрміну для апазіцыйных Анатоля Лябедзькі і Сяргея Калякіна, каб дасягнуць 100 тысячнай мяжы, як заяўляюць самі палітыкі, можа і не хапіць.

СС, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары