Былы дарадца Пуціна: расейская дзяржава паступова знікае, а рэйтынг Пуціна такі ж, як рэйтынг гарэлкі ў чарзе па гарэлку


Глеб Паўлоўскі, былы дарадца Уладзіміра Пуціна, палітолаг і журналіст каментуе справу забойства Барыса Нямцова, настроі ў Расеі а таксама расейска-беларускія стасункі ды пераконвае, што Захаду нельга ўзбройваць Украіну.

Чырвоная плошча і забойства Нямцова

– Першае пытанне – чаму менавіта Нямцоў? І што будзе далей з Расеяй? Як гэтыя падзеі зменяць сітуацыю?

– Чаму забілі вядомага палітыка, трэба пытаць у тэрарыстаў. Яны выбіраюць заўсёды самы гучны варыянт удару. Крэмль. Побач Чырвоная плошча. І Нямцоў, як самы вядомы з лідараў апазіцыі, калі не лічыць Навальнага. Такою была задума. Гэта тэракт. І пра яго нельга пытаць – каму ён выгадны. Ён выгадны тэрарыстам.

– Але можна спытаць, да чаго ён прывядзе.

– Ён ужо мае шмат наступстваў. І ў апазіцыі, і ўграмадстве, і нават у дзяржаўным апараце. Чыноўнікі таксама глядзяць і думаюць: а чаму не раскрываецца гэта забойства? Як гэта магчыма? Для адных гэта дэманстраванне пагрозы: з вамі можа здарыцца ўсё, што заўгодна. А іншым гэта паказвае, што дзяржава не кантралюе сваю ўласную, можна так сказаць, цэнтральную пляцоўку, там жа на кожным слупе па 3-4 відэакамеры. Гэта гаворыць пра тое, што дзяржава знікае…

– А якія яшчэ ёсць прыкметы таго, што «дзяржава знікае»? Акрамя забойства Нямцова?

– У нас ужо некалькі гадоў ідзе працэс разбурэння дзяржавы. І як ні парадаксальна, ён ідзе не «з нізу», не з вуліц, ён ідзе «зверху».

– Хоць рэйтынг Пуціна расце…

Пуцін, рэйтынг і гарэлка

– Так, рэйтынг Пуціна расце, але рэйтынг у нас нічога не азначае. Які рэйтынг гарэлкі ў чарзе па гарэлку? Ты хочаш яе купіць, а альтэрнатывы няма. Рэйтынг Пуціна — гэта рэйтынг манапольнай пазіцыі. Ён можа быць 86, а можа быць 99. Зрэшты, вядомыя і межы — калі сацыёлагі ў тэлефонным апытанні пыталіся, ці ёсць у вас тэлефон, толькі 97 % адказвалі станоўча.

– Што вы адчувалі, калі ішлі ў жалобнай калоне на маршы памяці Барыса Нямцова? Было адчуванне безнадзейнасці, песімізму ці наадварот?

Не было адчування безнадзейнасці. Калі б у людзей было адчуванне безнадзейнасці, яны б не выйшлі, а засталіся б дома і пілі гарэлку. Было адчуванне, што мы ўвайшлі ў новае жыццё і трэба наноў вучыцца. У тым ліку, вучыцца палітыцы. Вучыцца таму, што падобныя сітуацыя магчымыя, нават з асобамі, што займалі пасаду віцэ-прэм‘ера. Усё змяняецца і трэба наноў абдумваць, у першую чаргу, палітыкам, як яны будуць дзейнічаць далей.

– Апазіцыя да гэтага гатовая?

Не. Не буду хлусіць: з майго пункту гледжання, апазіцыя не гатовая. Да тэрактаў і такіх забойстваў у прынцыпе немагчыма быць гатовым. Але і ў прынцыпе апазіцыя ў вельмі кепскім стане. Яна рэагавала, але эмацыйна, а не палітычна. Кожны распавёў, як ён перажывае, але ад палітыкаў чакаюць не толькі перажыванняў.

– Чакалі канкрэтных заяваў?

– Чакалі палітычных прапановаў. У чым іх палітычная прапанова: «Пуцін, знайдзі забойцаў»? Дык ён і так сказаў, што шукае.

– Знойдзе?

Я думаю, знойдуць. Улада ў небяспечнай сітуацыі. Калі яна не знойдзе забойцаў, то гэта азначае, што яна ў гэтым замешаная, або проста бяссільная.

Беларусь не стане другой Украінай

– За што Лукашэнка атрымаў ордэн ад Пуціна і дзе мяжа расейскай падтрымкі беларускага рэжыму?

– Сёння ў Масквы праблемы з сябрамі. І варта адзначыць, што яна сама ў гэтым вінаватая. Пасля ўсяго таго, што адбылося з Расеяй на Захадзе, залежнасць Масквы, ў тым ліку і ад Беларусі ўзмацнілася. Пры гэтым Расея лічыць, што інтэграцыя прадугледжвае наяўнасць выключальнікаў, каб можна было яе ўключаць і выключаць.

– Тады для Расеі гэта эфектыўны інструмент уплыву?

– Так. Калі пачаліся санкцыі, шмат хто спадзяваўся на паток беларускіх таварў. А тут аказалася, што гэта можа несці Расеі нейкую небяспеку. Апошнім часам пазіцыя беларускага прэзідэнта ўзмацнілася, дзякуючы менскім пагадненням, а Масква цяпер шукае танны спосаб, каб прывязаць да сябе Менск і Лукашэнку, бо ён безумоўна атрымаў большы прастор для манеўраў.

– На вашую думку, ці ёсць пагроза незалежнасці Беларусі?

– Што вы маеце на ўвазе?

– Ці можа Беларусь стаць другой Украінай?

– Думаю, што не. Пуцін не гатовы адкрыць другі фронт. Тым больш, Лукашэнка публічна папярэдзіў, што не варта спрабаваць гэта рабіць.

– Ці павінен Захад даць зброю Украіне?

– Спрэчка наконт гэтага вельмі містыфікаваная, бо гэтая зброя будзе мець сэнс толькі тады, калі ёсць групы супраціву, якія трэба пільна ўзмацніць, як гэта было ў Босніі і Харватыі падчас канфлікту. Ва Украіне велізарнае, старое і небаяздольнае войска. Новая зброя ў ім патоне і я нават магу сабе ўявіць, які адсотак гэтай зброі пойдзе на знешні рынак. Зброя адразу трапіць да сепаратыстаў. Гэта дрэнная ідэя. Канфлікт разгарыцца яшчэ мацней.

– Якая галоўная праблема Украіны на сённяшні дзень?

– Адсутнасць дзяржавы, якая здольная праводзіць рэформы. Старая дзяржава развалілася, а новая пакуль не ўзнікла.

Размаўляла Аліна Коўшык, belsat.eu

Стужка навінаў